§ 19. ГЕАГРАФІЯ ЖЫВЁЛАГАДОЎЛІ

Успамінаем. Якія галіны вылучаюць у сельскай гаспадарцы? Якія падгаліны ўваходзяць у жывёлагадоўлю? Чаму развядзенне буйной рагатай жывёлы займае вядучае месца ў жывёлагадоўлі?

Для чаго мы гэта вывучаем? Чаму жывёлагадоўля па кошце мае перавагу над раслінаводствам? Якія праблемы, на ваш погляд, сёння актуальныя для жывёлагадоўлі?

Мал. 132. Структура жывёлагадоўлі

Структура жывёлагадоўлі. Жывёлагадоўля з’яўляецца другой па значнасці галіной сельскай гаспадаркі, якая характарызуецца глыбокай гісторыяй развіцця. Гэта галіна забяспечвае сыравінай харчовую (мяса, малако, яйкі, мёд і г. д.) і лёгкую (скура, шэрсць, коканы шаўкапрада і інш.) прамысловасць, арганічнымі ўгнаеннямі раслінаводства і г. д.

Жывёлагадоўля характарызуецца складанай структурай. У ёй прадстаўлена больш за дзесяць падгалін (мал. 132). Існуюць у структуры таксама спецыфічныя фермы па гадоўлі кракадзілаў, страусаў і г. д.

У сваю чаргу, у залежнасці ад сферы выкарыстання ў кожным з відаў эканамічнай дзейнасці вылучаюцца напрамкі. Напрыклад, малочны, мясны напрамкі — у жывёлагадоўлі; сальны, беконны, мясны, шчацінны — у свінагадоўлі; мясны, малочны, шэрсны — у авечкагадоўлі і г. д.

У залежнасці ад характару вядзення вылучаюць чатыры асноўныя сістэмы жывёлагадоўлі: качавая, паўкачавая, пашавая і стойлавая. Стойлавая сістэма з’яўляецца найбольш інтэнсіўнай і можа прымяняцца як у халодныя сезоны, так і цэлы год.

У свеце ўсё ўзаемазвязана. Якія экалагічныя праблемы ўзнікаюць у сувязі з развіццём жывёлагадоўлі?