§ 19. Правапіс вялікай і малой літар

Размяркуйце словы (спалучэнні слоў) на групы ў адпаведнасці з праві­ламі правапісу вялікай і малой літар, запішыце. Сфармулюйце правілы правапісу слоў кожнай групы.

Возера Дрывяты, балет «Стварэнне свету», Даўгінаўскі тракт, Вілейскае вадасховішча, Брэсцкі чыгуначны вакзал, Юбілейная плошча, Заходняя Дзвіна, Цэнтральны дом афіцэраў, опера «Сівая легенда», вуліца Зарэчная, фестываль «Чароўны свет мастацтва», Беларуская дзяржаўная філармонія.

Правіла

З вялікай літары пішуцца:

  • прозвішчы, імёны, імёны па бацьку, псеўданімы, мянушкі, клічкі жывёл і інш.: Іван Дамінікавіч Луцэвіч (Янка Купала), Дунін-Марцінкевіч, мядзведзь Бурык, а таксама прозвішчы, імёны ў множным ліку, калі яны выступаюць як назвы роду, групы асоб ці ўжываюцца ў значэнні агульнай назвы: браты Гарэцкія, род Радзівілаў, бязродныя Іваны (а л е: гарлахвацкія, кручковы, калі перадаюць пагардлівыя, зневажальныя адносіны);
    Заўвага. Назвы нацыянальнасцей, плямён, а таксама словы, якія паказваюць на месца пражывання, пішуцца з малой літары: беларус, дрыгавічы, мінчанін.
  • геаграфічныя, дзяржаўныя, адміністрацыйна-тэрытарыяльныя і астранамічныя назвы (акрамя слоў з родавым значэннем: рака, возера, горад, востраў, вуліца, плошча, вобласць, раён, зорка і г. д.): Рэспубліка Беларусь, Балканскі паўвостраў, возера Нарач, Гомельская вобласць, Прывакзальная плошча;
  • назвы дзяржаўных органаў і арганізацый: 
    а) усе словы ў найменнях вышэйшых органаў заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады: Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь;
    б) першае слова ў найменнях рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых арганізацый: Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міжнародны алімпійскі камітэт, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі;
    в) простыя і састаўныя ўласныя назвы ў складзе ўласных найменняў дзяржаўных органаў і іншых арганізацый: Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Таварыства Чырвонага Крыжа;
    г) слова Савет у значэнні органа ўлады: Мінскі абласны Савет дэпутатаў, сельскі Савет дэпутатаў (а л е: сельсавет);
    д) словы Дом, Палац у пачатку наймення ўстановы: Дом культуры, Дом народнай творчасці, Палац спорту (а л е: Лядовы палац, дом адпачынку).

З вялікай літары пішуцца:

  • аднаслоўныя ўласныя назвы і першае слова ў састаўных назвах кніг, газет, часопісаў, устаноў, арганізацый, заводаў, караблёў, марак машын (бяруцца ў двукоссе): часопіс «Бярозка», аўтамабіль «Джылі», хлеб «Водар»;
    Заўвага. Назвы саміх вырабаў, акрамя назваў, што супадаюць з асабовымі і геаграфічнымі назвамі, пішуцца ў двукоссі з малой літары: «атлант» (халадзільнік), «гарызонт» (тэлевізар), а л е: «Спартак» (шакалад), «Палессе» (трыкатаж);
  • аднаслоўныя ўласныя назвы і першае слова ў састаўных назвах знамянальных падзей і дат, перыядаў і эпох, свят: Адраджэнне, Першая (Другая) сусветная вайна; Каляды, Новы год, Дзень ведаў, Вялікая субота (а л е: імперыялістычная вайна, лютаўская рэвалюцыя, кайназойская эра, эпоха феадалізму, залаты век, санітарны дзень);
  • словы або спалучэнні слоў, якія з’яўляюцца афіцыйнымі назвамі асобы па вышэйшых дзяржаўных і рэлігійных пасадах: Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, Папа Рымскі
    Заўвага. У неафіцыйным ужыванні словы прэзідэнт, кароль, імператар пішуцца з малой літары: сын каралевы.
  • найменні найвышэйшых бостваў у рэлігійных культах, асабовыя імёны заснавальнікаў рэлігійных вучэнняў, біблейскіх асоб, імёны легендарных і міфічных асоб, уласныя назвы казачных істот і герояў літаратурных твораў, назвы культавых кніг: Бог, Алах, Святая Троіца; Ісус Хрыстос, Буда, Святы Павел; Геркулес, Зеўс; Калабок, Казадзераза; Біблія, Каран.
    Заўвага. З малой літары пішуцца словы бог, гасподзь, алах ва ўстойлівых выразах тыпу бог яго ведае, дай божа, дзякаваць богу, алах з ім, а таксама агульныя назвы ўяўных істот: анёл, муза, лясун, гном, троль і інш.

З вялікай літары пішуцца:

  • усе словы ў назвах дзяржаўных і нацыянальных, ваенных і культурных рэліквій: Крыж Ефрасінні Полацкай, Помнік Перамогі, Курган Славы;
  • усе словы ў поўных назвах ордэнаў, медалёў (акрамя слоў ордэн, медаль, ступень): ордэн Славы І ступені, Георгіеўскі Крыж (а л е: ордэн Дружбы народаў);
  • першае слова ў назвах дзяржаўных сімвалаў, дзяржаўных і міжнародных прэмій, грамат, прызоў і інш.: Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, Нобелеўская прэмія, Кубак свету.

З вялікай літары пішуцца прыметнікі ва ўласных назвах, калі яны паказваюць прыналежнасць (утвораны пры дапамозе суфіксаў -ев- (-ёв-, -ёў-), -ов- (-ав-, -оў-), -ін- (-ын-) ад уласных імён, мянушак, клічак жывёл) або ўваходзяць у склад сінанімічных назваў са словамі імя, памяці: Купалава паэма, Барсікава міска; Коласаўская прэмія (прэмія імя Якуба Коласа), Танкаўскія чытанні (чытанні, прысвечаныя памяці Максіма Танка) (а л е: коласаўскія мясціны, нёманскія краявіды, сочынскія курорты).

З малой літары пішуцца прыметнікі, утвораныя ад асабовых назваў, якія ўжываюцца ў складзе ўстойлівых спалучэнняў або ў складзе састаўных агульных назваў: геркулесавы слупы, танталавы пакуты, рэнтгенаўскі здымак.