§ 5. Асноўныя якасці культуры маўлення. Правілы маўленчых паводзін. Маўленчы этыкет

Прачытайце выказванні айчынных вучоных. Вусна раскажыце, чаму пра­вільнасць выступае асновай культуры маўлення.

Маўленне правільнае, калі ў ім няма парушэння арфаэпічных, акцэн­талагічных, словаўтваральных, марфалагічных, сінтаксічных, лек­січ­ных, фразеалагічных, прыказкавых норм. Асноўная ўмова правільнасці маўлення — добрае веданне названыхсл норм літаратур­най мовы, а значыць, і ўмелае валоданне імі (Паводле І. Лепешава).

Унармаванасць — сінонім правільнасці — найважнейшаям ўлас­ці­васць літаратурнай мовы (А. Міхневіч).

Менавіта правільнасць маўлення забяспечвае яго адзінства, агуль­назразумеласць інфармацыі, якаяф перадаецца і ўспрымаецца. Пра­вільнасць заключаецца ў адпаведнасці маўлення тым законам і правілам, якія дзейнічаюць у мове (Паводле Т. Тамашэвіча).

Правільнасць маўлення — аснова, якая дае магчымасць асобе па­стаянна ўдасканальваць сваё маўленчае майстэрства.сн Правільнасць маўлення падразумявае строгае захаванне літаратурных норм, мэта­згоднасцьсл выкарыстання тых або іншых моўных адзінак у працэсе зносін (Паводле І. Навасельцавай).

Запішыце выказванне, якое, на вашу думку, найбольш дакладна, поўна акрэслівае правільнасць як асноўную якасць культуры маўлення. Падкрэсліце гра­матычныя асновы, дайце агульную характарыстыку сказам.
• Растлумачце пастаноўку працяжніка ў прыведзеных выказваннях.

Практыкаванне № 44

Дапоўніце сказы, карыстаючыся словазлучэннямі для даведкі.

1. ... вызначаюць аднастайнае вымаўленне гукаў і іх спалучэн­няў у словах. 2. ... прадугледжваюць правільную пастаноўку націску. 3. ... акрэсліваюць правілы перадачы на пісьме вуснага маўлення (узаконьваюцца ўрадавымі пастановамі). 4. ... патрабуюць правільнага ўжывання слоў ва ўласцівых ім значэннях, засведчаных слоўнікамі, правільнага сэнсавага спалучэння слоў. 5. ... вызначаюць ужыванне фор­м слоў. 6. ... вызначаюць асаблівасці спалучэнняў слоў у слова­злучэннях і сказах. 7. ... забяспечваюць правільнае выкарыстанне моў­ных сродкаў у адпаведнасці са стылем маўлення, зместам, фор­май і мэтай паведамлення, характарам зносін. 8. ... патрабуюць правіль­най расстаноўкі знакаў прыпынку.

Д л я  д а в е д к і: пунктуацыйныя нормы, марфалагічныя нормы, арфа­эпічныя нормы, сінтаксічныя нормы, акцэнталагічныя нормы, арфаграфічныя нормы, стылістычныя нормы, лексічныя нормы.

• Запішыце азначэнні, пабудаваныя як просты ўскладнены сказ. Зрабіце іх сінтаксічны разбор.
Раскажыце, у якіх слоўніках, даведніках зафіксаваны арфаэпічныя, акцэнта­ла­гічныя, арфаграфічныя, лексічныя і марфалагічныя нормы сучаснай беларускай літаратурнай мовы.