§ 3. Тэкст, прыметы тэксту: сэнсавая цэласнасць і тэматычнае адзінства, разгорнутасць, паслядоўнасць, звязнасць, завершанасць тэксту (паўтарэнне і сістэматызацыя вывучанага)
Тэкст (ад лац. textus — тканіна, сувязь, пабудова) — звязнае і адносна завершанае выказванне на пэўную тэму, якое складаецца з групы сказаў, аб’яднаных сэнсам і граматычна.
Тэкст належыць як да моўнай сістэмы, так і да камунікатыўнай. Таму, з аднаго боку, ён характарызуецца, як і кожная моўная адзінка, на граматыка-семантычным узроўні (спосабы і сродкі сувязі, структура), а з другога — залежыць ад канкрэтнай сітуацыі маўлення, накіраваны на вырашэнне пэўнай камунікатыўнай задачы (абмен думкамі, паведамленне, уздзеянне).
Практыкаванне 30
Прачытайце. Дапоўніце выказванне, каб яно адпавядала ўсім прыметам тэксту.
Рэдкі чалавек цалкам задаволены сваёй знешнасцю. Камусьці не падабаецца колер валасоў ці скуры, а кагосьці раздражняюць вяснушкі ці кудзеркі*. Нехта лічыць, што яму ці ёй трэба неадкладна пахудзець...