§ 3. Тэкст, прыметы тэксту: сэнсавая цэласнасць і тэматычнае адзінства, разгорнутасць, паслядоўнасць, звязнасць, завершанасць тэксту (паўтарэнне і сістэматызацыя вывучанага)

Тэкст (ад лац. textus — тканіна, сувязь, пабудова) — звязнае і адносна завершанае выказванне на пэўную тэму, якое складаецца з групы сказаў, аб’яднаных сэнсам і граматычна.

Тэкст належыць як да моўнай сістэмы, так і да камунікатыўнай. Таму, з аднаго боку, ён характарызуецца, як і кожная моўная адзінка, на граматыка-семантычным узроўні (спосабы і сродкі сувязі, структу­ра), а з другога — залежыць ад канкрэтнай сітуацыі маўлення, на­кі­раваны на вырашэнне пэўнай камунікатыўнай задачы (абмен дум­камі, паведамленне, уздзеянне).

Практыкаванне 30

 Прачытайце. Дапоўніце выказванне, каб яно адпавядала ўсім прыметам тэксту.

Рэдкі чалавек цалкам задаволены сваёй знешнасцю. Камусьці не падабаецца колер валасоў ці скуры, а кагосьці раздражняюць вяс­нуш­кі ці кудзеркі*. Нехта лічыць, што яму ці ёй трэба неадкладна па­худзець...