§ 3. Тэкст, прыметы тэксту: сэнсавая цэласнасць і тэматычнае адзінства, разгорнутасць, паслядоўнасць, звязнасць, завершанасць тэксту (паўтарэнне і сістэматызацыя вывучанага)
Тэкст (ад лац. textus — тканіна, сувязь, пабудова) — звязнае і адносна завершанае выказванне на пэўную тэму, якое складаецца з групы сказаў, аб’яднаных сэнсам і граматычна.
Тэкст належыць як да моўнай сістэмы, так і да камунікатыўнай. Таму, з аднаго боку, ён характарызуецца, як і кожная моўная адзінка, на граматыка-семантычным узроўні (спосабы і сродкі сувязі, структура), а з другога — залежыць ад канкрэтнай сітуацыі маўлення, накіраваны на вырашэнне пэўнай камунікатыўнай задачы (абмен думкамі, паведамленне, уздзеянне).
Практыкаванне 28
Прачытайце. Ці можна назваць прыведзеныя сказы тэкстам? Сваю думку абгрунтуйце.
Наступіла зіма. Яна ў гэтым годзе прыйшла разам з яркім сонцам і цёплым ветрам. Вецер мацнеў, ён шкуматаў людзей за вопратку, зрываў з галоў шапкі і капелюшы. Капелюшы розных памераў і фасонаў можна набыць на другім паверсе самага вялікага ў горадзе магазіна галаўных убораў. Яны маюць розны колер, памер і выкарыстоўваюцца для прафілактыкі захворванняў вуха, горла, носа. Гэтыя органы пачуццяў перадаюць стаўленне людзей адзін да аднаго, а таксама да навакольнага свету. «Свет не без добрых людзей», — сцвярджае народная мудрасць.