§ 3. Тэкст, прыметы тэксту: сэнсавая цэласнасць і тэматычнае адзінства, разгорнутасць, паслядоўнасць, звязнасць, завершанасць тэксту (паўтарэнне і сістэматызацыя вывучанага)
Тэкст (ад лац. textus — тканіна, сувязь, пабудова) — звязнае і адносна завершанае выказванне на пэўную тэму, якое складаецца з групы сказаў, аб’яднаных сэнсам і граматычна.
Тэкст належыць як да моўнай сістэмы, так і да камунікатыўнай. Таму, з аднаго боку, ён характарызуецца, як і кожная моўная адзінка, на граматыка-семантычным узроўні (спосабы і сродкі сувязі, структура), а з другога — залежыць ад канкрэтнай сітуацыі маўлення, накіраваны на вырашэнне пэўнай камунікатыўнай задачы (абмен думкамі, паведамленне, уздзеянне).
Практыкаванне 27
Размясціце сказы так, каб атрымаўся тэкст. Запішыце яго.
Вярбовы парастак
(японская народная казка)
Паклікаў ён слугу і сказаў: «Даглядай добра парастак, сачы, каб суседскіяф дзеці яго не вырвалі». Але трэба было яму на тыдзень з’ехаць. Гаспадар пасадзіў вярбовы парастак, паліваў яго кожны дзень. «Добра», — адказаў слуга.
Праз тыдзень гаспадар вярнуўся. Парастак быў зусім вялы. «Я з парастка вачэй не зводзіў, — адказаў яму слуга. — З ранку да самага вечара глядзеў на яго. А калі цямнела, вырываў, заносіў у дом і зачыняў у шуфлядзе». «Ты не паліваў яго?» — раззлаваўся гаспадар.
Якая з прыведзеных прыказак, з вашага пункту гледжання, найбольш дакладна перадае асноўную думку тэксту? Абгрунтуйце сваё меркаванне.
1. Што галава, то і розум.
2. З-за дурной галавы нагам няма спакою.
3. Людзей слухай, а свой розум май.
4. Усё знай, ды не ўсё бай.
Вызначце спосаб сувязі сказаў у тэксце казкі пра парастак. Ахарактарызуйце сродкі сувязі, якія дазволілі вам правільна размясціць сказы.
Раскажыце (пры неабходнасці карыстаючыся схемай) пра спосабы і сродкі сувязі сказаў у тэксце.