§ 1. Мова як грамадская з’ява. Функцыі мовы
1. Прачытайце тэкст. Раскажыце пра ролю мовы ў жыцці чалавека, грамадства.
Людзі не могуць існаваць без мовы. З яе дапамогай пазнаю´ць навакольны свет, выказваюць свае думкі, пачуцці, перажыванні, дзеляцца вопытам працоўнай дзейнасці. Ні авалодваць ведамі, ні нават думаць нельга без мовы, якая дазваляе нам чытаць і разумець кнігі, слухаць і засвойваць тое, што гавораць іншыя, размаўляць і абменьвацца думкамі з сябрамі, бацькамі, настаўнікамі, знаёмымі і незнаёмымі. Усё гэта адбываецца ў людской супольнасці — грамадстве, у працэсе маўленчай дзейнасці чалавека, якая ўключае ў сябе гаварэнне, успрыманне і разуменне прачытанага (чытанне) ці пачутага (аўдзіраванне), а таксама пісьмо. Іншымі словамі, мова — гэта сістэма адзінак (словы, граматычныя формы і інш.), з дапамогай якіх людзі ўступаюць у суразмоўніцтва паміж сабой, г. зн. уключаюцца ў працэс маўленчай дзейнасці.
Агульнавядома, што мова з’яўляецца найважнейшым і асноўным сродкам зносін паміж людзьмі. З дапамогай мовы чалавецтвам фіксуюцца, назапашваюцца, класіфікуюцца, абагульняюцца веды. Іх засваенне, усе працэсы навучання людзей (у тым ліку ва ўстановах адукацыі) звязаны з шырокім выкарыстаннем мовы, якая служыць галоўным сродкам атрымання ведаў, перадачы духоўнай і матэрыяльнай культуры чалавецтва. Мова адыгрывае галоўную ролю і ў фарміраванні светапогляду і інтэлекту чалавека.
Дасягненні народа, нацыі ў развіцці навукі, мастацкай літаратуры і іншых галін духоўнай культуры ажыццяўляюцца пры дапамозе роднай мовы. Вось чаму кожны народ імкнецца, развіваючы сваю нацыянальную культуру, падтрымліваць і ўдасканальваць нацыянальную мову. Добра, калі чалавек ведае некалькі моў, але найперш трэба ведаць мову таго народа, на зямлі якога ты жывеш. Гэта дапаможа далучыцца да багатага жыццёвага вопыту беларусаў, да шматграннай духоўнай і матэрыяльнай культуры працавітага і мудрага народа.
Назавіце асноўныя функцыі, якія выконвае мова ў грамадстве. Якая роля роднай мовы ў жыцці чалавека?
2. Прачытайце пачатак і заканчэнне выказвання аб функцыях мовы. Вусна дапоўніце яго, выкарыстоўваючы прыведзеную схему.
Прызначэнне мовы вельмі шырокае. Яна абслугоўвае (непасрэдна або апасродкавана) усе сферы жыцця чалавека. Таму і функцый у яе некалькі. Асноўнымі з іх з’яўляюцца: камунікатыўная, ... .
...
Кожная функцыя выконвае сваю ролю, але ўсе разам яны служаць таму, каб мова магла быць эфектыўным і аптымальным сродкам зносін паміж людзьмі.
3. Прачытайце. Дакажыце, што нашы продкі разумелі значэнне слова (мовы) у жыцці грамадства. Якія функцыі мовы называюцца ў творах вуснай народнай творчасці?
Узнікшы разам з грамадствам, мова нястомна служыць чалавеку ў розных яго занятках і патрэбах. У штодзённай маўленчай практыцы людзі ўдасканальвалі гэты сродак зносін, імкнуліся спазнаць яго прыроду. I тое, што нашы продкі пакінулі нам узоры выкарыстання слова, сведчыць, што яны мелі добры моўны густ, разумелі значэнне мовы ў жыцці грамадства.
Народ даўно заўважыў, што мова — найважнейшым сродак зносін, і выказаў гэту думку вобразна і даступна: Язык да Кіева давядзе. Н..в..домая дарога на канц.. языка.
Разумелі людзі і такую функцыю мовы, як уздзеянне, здольнасць слова выкліка´ць у слухача пэўныя эмоцыі. Добрае, шчырае слова высока цэніцца ў народзе. Яно ўздымаем настрой, надае сілы, дапамагае жыць. Невыпадкова яго параўноўваюць з прадметамі і з’явамі, якія маюць вялікае значэнне ў жыцці чалавека: Ласкава.. слоўка, як сонейка, грэ.. . Ласкава.. слова — што д..ень ясн.. . Скажа — як мёдам памажа.
Але слова можа і балюча параніць. Такое слова асуджаецца ў народзе як найбольшае зло: Рана гоіцца, злое слова — ніколі. Слова як соль. Сказа.. — як цвік у сэрца ўбі.. . Язык як перац.
Слова збліжае, аб’ядноўвае людзей, яно і раз’ядноўвае іх. Таму народная мудрасць гаворыць: Ліхое* слова пракаўтні. Як брыдкае слова сказаць, лепш язык выплюнуць. Перакусі, што маеш сказаць (Паводле А. Каўруса).
Запішыце прыказкі, у якіх прапушчаны літары. Растлумачце правапіс.
Падбярыце і запішыце сінонімы да выдзеленых слоў.
Практыкаванне 7
Прачытайце тэкст. Сфармулюйце яго тэму. Зачытайце сказ, у якім выказана асноўная думка.
На пачатку ХХІ стагоддзя беларуская мова выяўляе высокую ступень жыццяздольнасці і жыццёвасці. Яна вельмі вузка, а часам сімвалічна прысутнічае ў афіцыйных сферах ужытку, разам з тым яна сёння рэальна запатрабавана як сродак зносін у іншых сферах. Феноменам* яе сённяшняга існавання з’яўляецца тое, што яна паступова пранікае ў новыя, вельмі актуальныя для жыцця сучаснага грамадства сферы дзейнасці. Перш за ўсё, гэта сфера інтэрнэт-камунікацыі. Асабліва маладое пакаленне, якое мае справу з гэтай галіной, можа бачыць, наколькі шырока беларуская мова прадстаўлена ў гэтай прасторы. Па-другое, сучасная беларуская літаратурная мова дастаткова актыўна пранікае ў сферу, дзе яе абсалютна не было 20 гадоў таму назад, — у сферу набажэнства. Яна гучыць і ў каталіцкім касцёле, і ў праваслаўнай царкве. А гэта значыць, што яна запатрабаванас як элемент духоўнага жыцця беларускага грамадства. Нягледзячы на ўсе праблемы, беларуская мова пашырае сваю камунікатыўную прастору (Паводле А. Лукашанца).
Як вы думаеце, чаму аўтар лічыць феноменам пранікненне беларускай мовы ў новыя, вельмі актуальныя для жыцця сучаснага грамадства сферы дзейнасці?
• Выпішыце з тэксту па два прыклады слоў, напісанне якіх адпавядае наступным правілам: «Правапіс о, э — а», «Правапіс у — ў», «Правапіс падоўжаных зычных», «Правапіс д — дз».