§ 1. Мова як грамадская з’ява. Функцыі мовы

1. Прачытайце тэкст. Раскажыце пра ролю мовы ў жыцці чалавека, грамадства.

Людзі не могуць існаваць без мовы. З яе дапамогай пазнаю´ць навакольны свет, выказваюць свае думкі, пачуцці, перажыванні, дзеляц­ца вопытам працоўнай дзейнасці. Ні авалодваць ведамі, ні нават думаць нельга без мовы, якая дазваляе нам чытаць і разумець кнігі, слухаць і за­свойваць тое, што гавораць іншыя, размаўляць і абменьвацца думкамі з сябрамі, бацькамі, настаўнікамі, знаёмымі і незнаёмымі. Усё гэта адбыва­ец­ца ў людской супольнасці — грамадстве, у працэсе маўленчай дзейнасці чалавека, якая ўключае ў сябе гаварэнне, успрыманне і ра­­зуменне прачытанага (чытанне) ці пачутага (аўдзіраванне), а таксама пісьмо. Іншымі словамі, мова — гэта сістэма адзінак (словы, грама­тыч­ныя формы і інш.), з дапамогай якіх людзі ўступаюць у сура­змоўніцтва паміж сабой, г. зн. уключаюцца ў працэс маўленчай дзейнасці.

Агульнавядома, што мова з’яўляецца найважнейшым і асноўным сродкам зносін паміж людзьмі. З дапамогай мовы чалавецтвам фік­су­юц­ца, назапашваюцца, класіфікуюцца, абагульняюцца веды. Іх за­сваен­не, усе працэсы навучання людзей (у тым ліку ва ўстановах адукацыі) звя­заны з шырокім выкарыстаннем мовы, якая служыць галоўным срод­кам атрымання ведаў, перадачы духоўнай і матэрыяльнай культу­ры чалавецтва. Мова адыгрывае га­лоў­ную ролю і ў фарміраванні све­та­погляду і інтэлекту чалавека.

Дасягненні народа, нацыі ў развіцці навукі, мастацкай літаратуры і іншых галін духоўнай культуры ажыццяўляюцца пры дапамозе род­най мовы. Вось чаму кожны народ імкнецца, развіваючы сваю нацыянальную культуру, падтрымліваць і ўдасканальваць нацыянальную мову. Добра, калі чалавек ведае некалькі моў, але найперш трэба ве­даць мову таго народа, на зямлі якога ты жывеш. Гэта дапаможа далучыцца да багатага жыццёвага вопыту беларусаў, да шматграннай духоўнай і матэрыяльнай культуры працавітага і мудрага народа.

Назавіце асноўныя функцыі, якія выконвае мова ў грамадстве. Якая роля род­най мовы ў жыцці чалавека?
2. Прачытайце пачатак і заканчэнне выказвання аб функцыях мовы. Вусна дапоўніце яго, выкарыстоўваючы прыведзеную схему.

Прызначэнне мовы вельмі шырокае. Яна абслугоўвае (непасрэдна або апасродкавана) усе сферы жыцця чалавека. Таму і функцый у яе некалькі. Асноўнымі з іх з’яўляюцца: камунікатыўная, ... .
...
Кожная функцыя выконвае сваю ролю, але ўсе разам яны служаць таму, каб мова магла быць эфектыўным і аптымальным сродкам зносін паміж людзьмі.

3. Прачытайце. Дакажыце, што нашы продкі разумелі значэнне слова (мовы) у жыцці грамадства. Якія функцыі мовы называюцца ў творах вуснай народнай творчасці?
Узнікшы разам з грамадствам, мова нястомна служыць чалавеку ў розных яго занятках і патрэбах. У штодзённай маўленчай практыцы людзі ўдасканальвалі гэты сродак зносін, імкнуліся спазнаць яго пры­роду. I тое, што нашы продкі пакінулі нам узоры выкарыстання слова, сведчыць, што яны мелі добры моўны густ, разумелі значэнне мовы ў жыцці грамадства.
Народ даўно заўважыў, што мова — найважнейшым сродак зно­сін, і выказаў гэту думку вобразна і даступна: Язык да Кіева давядзе. Н..в..домая дарога на канц.. языка.
Разумелі людзі і такую функцыю мовы, як уздзеянне, здольнасць слова выкліка´ць у слухача пэўныя эмоцыі. Добрае, шчырае слова высока цэніцца ў народзе. Яно ўздымаем настрой, надае сілы, дапамагае жыць. Невыпадкова яго параўноўваюць з прадметамі і з’явамі, якія маюць вялікае значэнне ў жыцці чалавека: Ласкава.. слоўка, як сонейка, грэ.. . Ласкава.. слова — што д..ень ясн.. . Скажа — як мёдам памажа.
Але слова можа і балюча параніць. Такое слова асуджаецца ў народзе як найбольшае зло: Рана гоіцца, злое слова — ніколі. Слова як соль. Сказа.. — як цвік у сэрца ўбі.. . Язык як перац.
Слова збліжае, аб’ядноўвае людзей, яно і раз’ядноўвае іх. Таму народная мудрасць гаворыць: Ліхое* слова пракаўтні. Як брыдкае слова сказаць, лепш язык выплюнуць. Перакусі, што маеш сказаць (Паводле А. Каўруса).
Запішыце прыказкі, у якіх прапушчаны літары. Растлумачце правапіс.
Падбярыце і запішыце сінонімы да выдзеленых слоў.

Практыкаванне 4

Прачытайце тэкст. Дакажыце, што мова — грамадская з’ява.

Роля мовы ў жыцці грамадства ўвесь час узрастае, становіцца ўсё больш прыкметнай. Мы ўжо ведаем, што мова ўзнікла з патрэбы людзей што-небудзь сказаць адно аднаму. Але з развіццём грамадства гэта «што-небудзь» увесь час узрастае, а мова і ёсць тая форма, у якой захоўваецца запас інфармацыі, атрымліваюцца і перадаюцца веды, назапашанысл вопыт духоўнай і матэрыяльнай культуры.

З развіццём грамадства развіваецца і мова, яна прыстасоўваец­ца да патрэб грамадства. Напрыклад, з’яўляюцца новыя прадметы, з’явы, паняцці — і мова дае ім назвы. Гэты працэс мы назіраем амаль штодзеньф. Не так і даўно мы не ведалі ні камп’ютараў, ні прын­тараў, ні сканераў, а цяпер словы — назвы гэтых прадметаў — актыў­на ўжываюцца ў нашым маў­ленні. Нядаўна з’явіліся словы дысплей*, брыфінг*, менеджар*, брокер*, дылер* і шмат іншых, якія перай­шлі ў актыўны слоўнік многіх лю­дзей. А яшчэ нядаўна новае слова пэйджар* ужо стала гістарызмам.

Але справа не толькі ў тым, што ў сучаснай мове больш слоў, чым было раней. З часам змяняецца і сама мова.

Адрозненні паміж мовай бацькоў і дзяцей, дзядоў і ўнукаў яшчэ не вельмі прыкметныя. Але за некалькі пакаленняў збіраецца столькі змен, што пісьмовыя помнікіл старажытнай мовы даводзіцца перакладаць на сучасную мову, як, напрыклад, «Слова пра паход Ігаравы»:

«Не лҍпо ли ны бяшеть, братие, начяти старыми словесы трудныхъ повҍстий о пълку Игоревҍ, Игоря Святъславлича? Начати же ся тъй пҍсни по былинамъ сего времени, а не по замышлению Бояню». —

А ці не лепей, братове,
пачаць у спрадвечным слове
мужны спеў пра паход Ігара,
Святаславава сына?
I пачаць спеў гэты
па былях дня нашага,
а не па надуме Баяна!
Пераклад Р. Барадуліна.

Як мова рэагуе на змены ў грамадскім жыцці? Пакажыце на двух-трох прыкладах.
Раскрыйце значэнне слоў, пазначаных зорачкай (*). Пры неабходнасці звяр­тайцеся да тлумачальнага слоўніка.