§ 1. Мова як грамадская з’ява. Функцыі мовы
1. Прачытайце тэкст. Раскажыце пра ролю мовы ў жыцці чалавека, грамадства.
Людзі не могуць існаваць без мовы. З яе дапамогай пазнаю´ць навакольны свет, выказваюць свае думкі, пачуцці, перажыванні, дзеляцца вопытам працоўнай дзейнасці. Ні авалодваць ведамі, ні нават думаць нельга без мовы, якая дазваляе нам чытаць і разумець кнігі, слухаць і засвойваць тое, што гавораць іншыя, размаўляць і абменьвацца думкамі з сябрамі, бацькамі, настаўнікамі, знаёмымі і незнаёмымі. Усё гэта адбываецца ў людской супольнасці — грамадстве, у працэсе маўленчай дзейнасці чалавека, якая ўключае ў сябе гаварэнне, успрыманне і разуменне прачытанага (чытанне) ці пачутага (аўдзіраванне), а таксама пісьмо. Іншымі словамі, мова — гэта сістэма адзінак (словы, граматычныя формы і інш.), з дапамогай якіх людзі ўступаюць у суразмоўніцтва паміж сабой, г. зн. уключаюцца ў працэс маўленчай дзейнасці.
Агульнавядома, што мова з’яўляецца найважнейшым і асноўным сродкам зносін паміж людзьмі. З дапамогай мовы чалавецтвам фіксуюцца, назапашваюцца, класіфікуюцца, абагульняюцца веды. Іх засваенне, усе працэсы навучання людзей (у тым ліку ва ўстановах адукацыі) звязаны з шырокім выкарыстаннем мовы, якая служыць галоўным сродкам атрымання ведаў, перадачы духоўнай і матэрыяльнай культуры чалавецтва. Мова адыгрывае галоўную ролю і ў фарміраванні светапогляду і інтэлекту чалавека.
Дасягненні народа, нацыі ў развіцці навукі, мастацкай літаратуры і іншых галін духоўнай культуры ажыццяўляюцца пры дапамозе роднай мовы. Вось чаму кожны народ імкнецца, развіваючы сваю нацыянальную культуру, падтрымліваць і ўдасканальваць нацыянальную мову. Добра, калі чалавек ведае некалькі моў, але найперш трэба ведаць мову таго народа, на зямлі якога ты жывеш. Гэта дапаможа далучыцца да багатага жыццёвага вопыту беларусаў, да шматграннай духоўнай і матэрыяльнай культуры працавітага і мудрага народа.
Назавіце асноўныя функцыі, якія выконвае мова ў грамадстве. Якая роля роднай мовы ў жыцці чалавека?
2. Прачытайце пачатак і заканчэнне выказвання аб функцыях мовы. Вусна дапоўніце яго, выкарыстоўваючы прыведзеную схему.
Прызначэнне мовы вельмі шырокае. Яна абслугоўвае (непасрэдна або апасродкавана) усе сферы жыцця чалавека. Таму і функцый у яе некалькі. Асноўнымі з іх з’яўляюцца: камунікатыўная, ... .
...
Кожная функцыя выконвае сваю ролю, але ўсе разам яны служаць таму, каб мова магла быць эфектыўным і аптымальным сродкам зносін паміж людзьмі.
3. Прачытайце. Дакажыце, што нашы продкі разумелі значэнне слова (мовы) у жыцці грамадства. Якія функцыі мовы называюцца ў творах вуснай народнай творчасці?
Узнікшы разам з грамадствам, мова нястомна служыць чалавеку ў розных яго занятках і патрэбах. У штодзённай маўленчай практыцы людзі ўдасканальвалі гэты сродак зносін, імкнуліся спазнаць яго прыроду. I тое, што нашы продкі пакінулі нам узоры выкарыстання слова, сведчыць, што яны мелі добры моўны густ, разумелі значэнне мовы ў жыцці грамадства.
Народ даўно заўважыў, што мова — найважнейшым сродак зносін, і выказаў гэту думку вобразна і даступна: Язык да Кіева давядзе. Н..в..домая дарога на канц.. языка.
Разумелі людзі і такую функцыю мовы, як уздзеянне, здольнасць слова выкліка´ць у слухача пэўныя эмоцыі. Добрае, шчырае слова высока цэніцца ў народзе. Яно ўздымаем настрой, надае сілы, дапамагае жыць. Невыпадкова яго параўноўваюць з прадметамі і з’явамі, якія маюць вялікае значэнне ў жыцці чалавека: Ласкава.. слоўка, як сонейка, грэ.. . Ласкава.. слова — што д..ень ясн.. . Скажа — як мёдам памажа.
Але слова можа і балюча параніць. Такое слова асуджаецца ў народзе як найбольшае зло: Рана гоіцца, злое слова — ніколі. Слова як соль. Сказа.. — як цвік у сэрца ўбі.. . Язык як перац.
Слова збліжае, аб’ядноўвае людзей, яно і раз’ядноўвае іх. Таму народная мудрасць гаворыць: Ліхое* слова пракаўтні. Як брыдкае слова сказаць, лепш язык выплюнуць. Перакусі, што маеш сказаць (Паводле А. Каўруса).
Запішыце прыказкі, у якіх прапушчаны літары. Растлумачце правапіс.
Падбярыце і запішыце сінонімы да выдзеленых слоў.
Практыкаванне 4
Прачытайце тэкст. Дакажыце, што мова — грамадская з’ява.
Роля мовы ў жыцці грамадства ўвесь час узрастае, становіцца ўсё больш прыкметнай. Мы ўжо ведаем, што мова ўзнікла з патрэбы людзей што-небудзь сказаць адно аднаму. Але з развіццём грамадства гэта «што-небудзь» увесь час узрастае, а мова і ёсць тая форма, у якой захоўваецца запас інфармацыі, атрымліваюцца і перадаюцца веды, назапашанысл вопыт духоўнай і матэрыяльнай культуры.
З развіццём грамадства развіваецца і мова, яна прыстасоўваецца да патрэб грамадства. Напрыклад, з’яўляюцца новыя прадметы, з’явы, паняцці — і мова дае ім назвы. Гэты працэс мы назіраем амаль штодзеньф. Не так і даўно мы не ведалі ні камп’ютараў, ні прынтараў, ні сканераў, а цяпер словы — назвы гэтых прадметаў — актыўна ўжываюцца ў нашым маўленні. Нядаўна з’явіліся словы дысплей*, брыфінг*, менеджар*, брокер*, дылер* і шмат іншых, якія перайшлі ў актыўны слоўнік многіх людзей. А яшчэ нядаўна новае слова пэйджар* ужо стала гістарызмам.
Але справа не толькі ў тым, што ў сучаснай мове больш слоў, чым было раней. З часам змяняецца і сама мова.
Адрозненні паміж мовай бацькоў і дзяцей, дзядоў і ўнукаў яшчэ не вельмі прыкметныя. Але за некалькі пакаленняў збіраецца столькі змен, што пісьмовыя помнікіл старажытнай мовы даводзіцца перакладаць на сучасную мову, як, напрыклад, «Слова пра паход Ігаравы»:
«Не лҍпо ли ны бяшеть, братие, начяти старыми словесы трудныхъ повҍстий о пълку Игоревҍ, Игоря Святъславлича? Начати же ся тъй пҍсни по былинамъ сего времени, а не по замышлению Бояню». —
А ці не лепей, братове,
пачаць у спрадвечным слове
мужны спеў пра паход Ігара,
Святаславава сына?
I пачаць спеў гэты
па былях дня нашага,
а не па надуме Баяна!
Пераклад Р. Барадуліна.
Як мова рэагуе на змены ў грамадскім жыцці? Пакажыце на двух-трох прыкладах.
Раскрыйце значэнне слоў, пазначаных зорачкай (*). Пры неабходнасці звяртайцеся да тлумачальнага слоўніка.