§ 52. Функцыі жывога рэчыва
- Успомніце, якія функцыі на Зямлі выконваюць жывыя арганізмы.
- Як вы думаеце? Што адбудзецца, калі на Зямлі знікнуць фотааўтатрофныя арганізмы?
- Вы даведаецеся пра функцыі жывога рэчыва і яго значэнне ў падтрыманні спрыяльных умоў для жыцця на Зямлі.
*Асяроддзеўтваральная функцыя
Асяроддзеўтваральная функцыя — пераўтварэнне фізіка-хімічных параметраў навакольнага асяроддзя з прычыны жыццядзейнасці жывых арганізмаў. Вынікам дадзенай функцыі з’яўляецца ўсё прыроднае асяроддзе, якое створана жывымі арганізмамі. Дзякуючы іх дзейнасці сфарміраваўся сучасны склад гідрасферы, атмасферы і глебы. Ад якаснага складу атмасфернага паветра залежыць радыяцыйны фон і цеплавы рэжым на планеце. Жывыя арганізмы біясферы падтрымліваюць і захоўваюць баланс спрыяльных умоў асяроддзя ў пэўным стабільным стане для паўнавартаснай жыццядзейнасці.