*§ 51—2. Уласцівасці жывога рэчыва

  • Успомніце, што такое самарэгуляцыя.
  • Як вы думаеце? Жывое рэчыва ці абіятычныя складальнікі біясферы валодаюць больш магутнай энергіяй?
  • Вы даведаецеся пра ўнікальныя і спецыфічныя ўласцівасці жывога рэчыва біясферы.

Здольнасць хутка займаць (асвойваць) свабодную прастору

Калі на нейкім участку Зямлі жыццё адсутнічае, то гэта з’ява часовая, выкліканая разбурэннем ці стрымліваннем знешнімі сіламі. Уласцівасць усяго жывога запаўняць свабодную прастору звязана з размнажэннем арганізмаў і іх уменнем павялічваць паверхню ўласных целаў ці згуртаванняў, якія яны ўтвараюць. Некаторыя прасцейшыя формы арганізмаў (бактэрыі, дрожджы) маглі б асвоіць увесь зямны шар за некалькі гадзін ці дзён, калі б не было фактараў, якія стрымліваюць іх патэнцыяльныя магчымасці размнажэння. Прыкладам здольнасці арганізмаў інтэнсіўна павялічваць паверхню свайго цела могуць служыць расліны. Плошча лістоў раслін, якія растуць на 1 га складае 8—10 га і больш. Такая ж заканамернасць характэрна і для каранёвых сістэм раслін.