*§ 48—6. Біём пустынь
- Успомніце, якімі відамі прадстаўлены прадуцэнты ў стэпах умеранай зоны і саваннах.
- Як вы думаеце? Чаму ў біёме пустынь рэзка зніжана разнастайнасць прадуцэнтаў?
- Вы даведаецеся пра асаблівасці клімату, разнастайнасць прадуцэнтаў і кансументаў у біёме пустынь.
Глебы
Пустыні звычайна падзяляюцца па пародах, на якіх яны сфарміраваліся: гліністыя, саланчаковыя, пясчаныя, камяністыя. Там, дзе пяскі замацаваны расліннасцю, у верхніх пластах пачынаецца ўтварэнне драбназёму, у выніку пясок некалькі цэментуецца, аднак назапашвання гумусу не адбываецца. На перадгорных раўнінах найбольш распаўсюджаны тып — шэразёмы. Для гэтых глеб характэрна ўтрыманне буйнога пылу, гумусавы гарызонт мае таўшчыню 10—15 см.