*§ 48—4. Біём стэпаў умеранай зоны

  • Успомніце, якія віды прадуцэнтаў пераважалі ў лясных біёмах і чаму.
  • Як вы думаеце? Чаму ў біёме стэпаў дрэвы не вытрымліваюць канкурэнцыі з травяністымі жыццёвымі формамі?
  • Вы даведаецеся пра асаблівасці клімату, разнастайнасць прадуцэнтаў і кансументаў у біёме стэпаў умеранай зоны.

Глебы

У глебавым покрыве стэпаў пераважаюць чарназёмы, цёмна-каштанавыя і каштанавыя глебы. Акрамя іх, у выглядзе плям сустракаюцца засоленыя глебы, або саланцы.

Глебы стэпаў адрозніваюцца ад лясных глеб, перш за ўсё, высокім утрыманнем перагною (вышэй у 5—10 разоў). Злакі, у параўнанні з дрэвамі, жывуць нядоўга, і ў глебу трапляе вялікая колькасць адмерлай арганікі. Паколькі гуміфікацыя ў сухім клімаце ідзе хутка, а мінералізацыя з прычыны недахопу вільгаці вельмі павольна, то перагной назапашваецца, і фарміруюцца чарназёмы. Чарназёмныя глебы змяшчаюць шмат перагною і карбанатаў, таму адрозніваюцца высокай прыроднай урадлівасцю.

Значныя тэрыторыі стэпаў разараны. На іх утвараецца найвялікая колькасць чыстай першаснай прадукцыі (ураджай) культурных злакаў — пшаніцы, кукурузы і інш. У цёмна-каштанавых і каштанавых глеб урадлівасць ніжэйшая з прычыны меншага ўтрымання перагною і часта павышанай засоленасці.