*§ 48—4. Біём стэпаў умеранай зоны

  • Успомніце, якія віды прадуцэнтаў пераважалі ў лясных біёмах і чаму.
  • Як вы думаеце? Чаму ў біёме стэпаў дрэвы не вытрымліваюць канкурэнцыі з травяністымі жыццёвымі формамі?
  • Вы даведаецеся пра асаблівасці клімату, разнастайнасць прадуцэнтаў і кансументаў у біёме стэпаў умеранай зоны.

Геаграфічнае становішча

Стэпы ўмеранай зоны размешчаны там, дзе выпадае прамежкавая паміж пустынямі і лясамі колькасць ападкаў. Яны ўяўляюць сабой шырокія раўніны, парослыя травяністай, пераважна злакавай, расліннасцю, ва ўмераных зонах Паўночнага і Паўднёвага паўшар’яў. Шырокія стэпавыя прасторы займаюць унутраныя тэрыторыі Еўразіі, Паўночнай Амерыкі, поўдзень Паўднёвай Амерыкі. Зона стэпаў у Еўразіі прадстаўлена тыповымі стэпамі, у Паўночнай Амерыцы — прэрыямі, у Паўднёвай Амерыцы — пампасамі.