*§ 48—3. Біём лістападных лясоў умеранай зоны
- Успомніце, якія віды прадуцэнтаў пераважалі ў тайзе і чаму.
- Як вы думаеце? Чаму ў біёме тайгі ліставыя пароды дрэў не вытрымлівалі канкурэнцыі з хвойнымі, а ў біёме лістападных лясоў умеранай зоны яны дамінуюць?
- Вы даведаецеся пра асаблівасці клімату, разнастайнасць прадуцэнтаў і кансументаў у біёме лістападных лясоў умеранай зоны.
Клімат
Лістападныя лясы растуць ва ўмовах больш мяккага клімату, чым тайга, з умеранымі тэмпературамі і выразна выяўленымі сезонамі. Ападкі выпадаюць раўнамерна на працягу ўсяго года і вар’іруюцца ад 700 да 1500 мм. Зімы не вельмі суровыя, а лета даволі вільготнае і цёплае, дастаткова працяглае. Працягласць вегетацыйнага перыяду ў лістападных лясах складае ад 4 да 7 месяцаў у годзе.