*§ 41—2. Каменсалізм, протакааперацыя і мутуалізм — тыпы станоўчых біятычных узаемаадносін
- Успомніце, якія тыпы ўзаемаадносін прыводзяць да зніжэння колькасці абодвух ці аднаго з відаў, якія ўзаемадзейнічаюць. Чаму іх называюць рэгулюючымі ўзаемаадносінамі?
- Як вы думаеце? Ці існуе ў біяцэнозе ўзаемадапамога паміж рознымі відамі? Ці могуць віды быць карысныя адзін аднаму?
- Вы даведаецеся пра тыпы ўзаемаадносін, узаемавыгадных ці выгадных аднаму з відаў, якія ўзаемадзейнічаюць, а таксама пра іх ролю ў біяцэнозе.
Протакааперацыя
Протакааперацыя — сумеснае існаванне, выгаднае для абодвух відаў, якое не з’яўляецца абавязковай умовай выжывання. Прыклады такіх узаемаадносін: апыленне пчоламі лугавых раслін; рыбы-чысцільшчыкі, якія вызваляюць цела буйных рыб ад вонкавых паразітаў. На ракавіне рака-адзінотніка можа пасяляцца каралавы паліп актынія, які мае жыгучыя клеткі, якія вылучаюць яд. Актынія ахоўвае рака ад драпежных рыб, а рак-адзінотнік, перамяшчаючыся, спрыяе павелічэнню кармавой прасторы актыніі. Але і рак-адзінотнік, і актынія могуць існаваць адно без аднаго.