*§ 41—1. Канкурэнцыя, драпежніцтва і паразітызм — тыпы адмоўных біятычных узаемаадносін

  • Успомніце, у якія тыпы сувязей уступаюць арганізмы розных відаў, што жывуць у адным біяцэнозе.
  • Як вы думаеце? Якія тыпы сувязей у найбольшай ступені могуць уплываць на колькасць відаў, што ўзаемадзейнічаюць?
  • Вы даведаецеся пра разнастайнасць узаемаадносін, якія могуць зніжаць колькасць абодвух ці аднаго з відаў,  пра іх ролю ў рэгуляцыі колькасці відаў, што ўзаемадзейнічаюць.

Драпежніцтва

Драпежніцтва — тып узаемаадносін, пры якім арганізм аднаго віду (драпежнік) ловіць, забівае і з’ядае арганізмы іншага віду (ахвяру). Адным з відаў драпежніцтва з’яўляецца канібалізм, калі арганізмы аднаго віду з'ядаюць адзін аднаго. Ён сустракаецца, напрыклад, у пацукоў. Калі ж у якасці ахвяры выступаюць расліны, то гэтыя ўзаемаадносіны называюць раслінаеднасцю.

Прыкладамі драпежніцтва з’яўляюцца: з’яданне стракозамі і павукамі мух, матылькоў, камароў; выкарыстанне насякомаеднымі раслінамі насякомых у якасці корму; паляванне ваўкоў, соў, лісіц на зайцаў і мышападобных грызуноў; з'яданне тыграмі, леапардамі казуль, аленяў.

З роляй драпежніцтва ў рэгуляцыі колькасці драпежніка і ахвяры вы пазнаёміліся пры вывучэнні раздзела «Від і папуляцыя». Неразумнае ўмяшанне ва ўзаемаадносіны драпежніка і ахвяры часта прыносіць шкоду прыродзе і чалавеку.