*§ 41—1. Канкурэнцыя, драпежніцтва і паразітызм — тыпы адмоўных біятычных узаемаадносін
- Успомніце, у якія тыпы сувязей уступаюць арганізмы розных відаў, што жывуць у адным біяцэнозе.
- Як вы думаеце? Якія тыпы сувязей у найбольшай ступені могуць уплываць на колькасць відаў, што ўзаемадзейнічаюць?
- Вы даведаецеся пра разнастайнасць узаемаадносін, якія могуць зніжаць колькасць абодвух ці аднаго з відаў, пра іх ролю ў рэгуляцыі колькасці відаў, што ўзаемадзейнічаюць.
Прэамбула
Асновай для ўзнікнення і існавання біяцэнозаў з’яўляюцца сувязі і ўзаемаадносіны, у якія ўступаюць адзін з адным віды, што жывуць у адным і тым жа біятопе. Яны вызначаюць асноўныя ўмовы жыцця відаў у згуртаванні, магчымасці здабывання ежы і заваявання новай прасторы.
З папярэдняга параграфа вы даведаліся пра тыпы сувязей, якія ўзнікаюць паміж арганізмамі розных відаў, што існуюць у адным біяцэнозе. На аснове гэтых сувязей фарміруюцца розныя біятычныя ўзаемаадносіны, якія могуць па-рознаму адлюстроўвацца на колькасці і жыццяздольнасці папуляцый, што ўзаемадзейнічаюць.