§ 40. Біяцэноз і біятоп. Сувязі арганізмаў у біяцэнозах
- Успомніце, з якімі тыпамі сувязей паміж рознымі відамі арганізмаў вы пазнаёміліся пры вывучэнні расліннага і жывёльнага свету.
- Як вы думаеце? Дзякуючы чаму розныя віды арганізмаў, якія маюць розныя патрэбнасці, могуць існаваць як адзіная біялагічная сістэма?
- Вы даведаецеся, што такое біяцэноз (згуртаванне) і біятоп (экатоп), пазнаёміцеся з трафічнымі, тапічнымі, фарычнымі і фабрычнымі сувязямі паміж арганізмамі.
Паняцце біяцэнозу і біятопу
У прыродзе папуляцыі розных відаў, якія існуюць у адным асяроддзі, уступаюць адна з адной у разнастайныя сувязі і ўзаемаадносіны ў залежнасці ад іх патрэбнасцей. У выніку ўтвараецца больш складаная біялагічная сістэма — біяцэноз. Гэты тэрмін у 1877 г. увёў нямецкі гідрабіёлаг К. Мёбіус.
Біяцэноз (ад грэч. bίos — жыццё, koinós — агульны) — гістарычна складзеная сукупнасць узаемазвязаных папуляцый раслін, жывёл, грыбоў і мікраарганізмаў, якія насяляюць экалагічна аднароднае асяроддзе пражывання. Часта ў экалогіі замест тэрміна «біяцэноз» выкарыстоўваецца тэрмін «згуртаванне». Біяцэноз (згуртаванне) з’яўляецца асноўным кампанентам прыродных надарганізмавых сістэм.
Месца існавання біяцэнозу — біятоп (ад грэч. bίos — жыццё, tóhpos — месца) — участак тэрыторыі з аднароднымі ўмовамі асяроддзя.
У экалогіі пры характарыстыцы экасістэм звычайна ўжываюць тэрмін «экатоп», які з’яўляецца блізкім да тэрміна «біятоп», але не яго поўным сінонімам. Экатоп — сукупнасць абіятычных фактараў асяроддзя дадзенага ўчастку, які ўяўляе сабой месцапражыванне пэўнага згуртавання. Пры гэтым склад абіятычных фактараў не рэгламентуецца.