*§ 38—1. Прасторавая і палавая структуры папуляцый
- Успомніце, якія ўласцівасці характарызуюць папуляцыі як структурныя адзінкі віду, якое значэнне яны маюць для прагназавання будучага існавання папуляцый.
- Як вы думаеце? Ці дастаткова ведаць толькі ўласцівасці папуляцый, каб прагназаваць іх далейшае змяненне колькасці? Чаму экалогію папуляцый нельга звесці да экалогіі асобін?
- Вы даведаецеся пра асаблівасці прасторавай і палавой структур папуляцый, пра тыпы палавой структуры і яе ролю ў фарміраванні колькасці папуляцый.
Структура папуляцыі
Структура папуляцыі — гэта суадносіны асобін па якой-небудзь прымеце ці па характары іх размеркавання ў асяроддзі пражывання. Адрозніваюць прасторавую, палавую, узроставую і эталагічную (паводзінскую) структуры папуляцый. Разгледзім асаблівасці прасторавай і палавой структур папуляцый.