*§ 35—1. Антагенез чалавека. Эмбрыянальнае развіццё чалавека

  • Успомніце, якія этапы ўключае антагенез у жывёл. Якія стадыі развіцця праходзіць зародак?
  • Як вы думаеце? Ці маюцца адметныя асаблівасці ў антагенезе чалавека ў параўнанні з жывёламі?
  • Вы даведаецеся, як працякае эмбрыянальнае развіццё чалавека, якія фактары навакольнага асяроддзя робяць уплыў на развіццё зародка, якія стадыі вылучаюць на этапе постэмбрыянальнага развіцця чалавека. 

Уплыў умоў навакольнага асяроддзя на ўнутрычэраўнае развіццё дзіцяці

Развіццё арганізма чалавека ўяўляе сабой складанае спалучэнне такіх працэсаў, як дзяленне клетак, іх перамяшчэнне і ўзаемадзеянне, утварэнне тканак і органаў. Любое парушэнне гэтых працэсаў можа выклікаць заганы развіцця эмбрыёна або плода. Такія парушэнні могуць узнікаць пад дзеяннем розных шкодных фактараў. Да фактараў рызыкі развіцця прыроджаных заган належаць іанізуючае выпраменьванне, вірусныя і бактэрыяльныя інфекцыі, патагенныя мікраарганізмы, гельмінты, некаторыя лекавыя прэпараты, алкаголь, курэнне, наркотыкі, недастатковае харчаванне, прафесійныя шкоднасці, позні матчын узрост, недастатковы медыцынскі кантроль.

Гэта цікава

Іанізуючая радыяцыя выклікае змяненні ў спадчынным апараце клетак і з’яўленне мутацый. Таксама небяспеку ўяўляюць вірусы і бактэрыі. Напрыклад, у жанчын, якія перанеслі вірусную краснуху ў першым трыместры цяжарнасці, часта нараджаюцца дзеці з хваробамі сэрца, глухатой, катарактай (памутненне крышталіка вока). Узбуджальнік сіфілісу здольны выклікаць прыроджаную глухату. Акрамя таго, у бацькоў, якія злоўжываюць алкаголем, дзеці нараджаюцца са спецыфічным комплексам выродлівасцей і заган: затрымкай у фізічным і разумовым развіцці, рознымі чэрапна-мазгавымі выродлівасцямі, заганамі сэрца, дэфектамі канечнасцей і інш. На дзетародныя функцыі чалавека ўплывае курэнне і злоўжыванне наркотыкамі: у жанчын, якія кураць, на begin mathsize 14px style 1 third end style павялічваецца рызыка бясплоддзя, а ў мужчын курэнне выклікае значнае зніжэнне палавой патэнцыі. Галоўную шкоду тытунёвы дым наносіць зародку. Большасць дзяцей, народжаных курцамі, з’яўляюцца на свет з рознымі парушэннямі — маса іх цела меншая за норму, яны адстаюць у псіхічным развіцці, у іх высокі працэнт раптоўнай смерці. Вялікую небяспеку для развіцця плода ўяўляюць некаторыя лекавыя прэпараты (барбітураты, тэтрацыкліны, варфарын і інш.).

Парушэнні ў развіцці часцей выклікаюць тыя фактары, якія дзейнічаюць у пэўныя крытычныя перыяды, калі эмбрыён або плод максімальна адчувальныя да пэўных уздзеянняў. У чалавека крытычнымі перыядамі эмбрыянальнага развіцця з’яўляюцца: апладненне; урастанне бластацысты ў сценку маткі (7—8-ы дні эмбрыягенезу); развіццё комплексу восевых органаў і плацэнты (3—8-ы тыдні); развіццё галаўнога мозга (15—20-ы тыдні); фарміраванне асноўных сістэм арганізма, у тым ліку палавой (20—24-ы тыдні).

Паўторым галоўнае. Антагенез чалавека ўключае два этапы: эмбрыянальны і постэмбрыянальны. На эмбрыянальным этапе адрозніваюць тры перыяды: пачатковы, зародкавы, плодны. Пачатковы перыяд доўжыцца ад утварэння зіготы да фарміравання бластацысты (5—6 дзён) і ўключае стадыю морулы. У зародкавым перыядзе бластацыста урастае ў сценку маткі і паступова ператвараецца ў плод (ад 7 да 8 тыдняў). У гэтым перыядзе ў эмбрыёна развіваюцца тры зародкавыя абалонкі — харыён, амніён і алантоіс. Плодны перыяд — гэта перыяд развіцця плода да нараджэння. Абмен рэчываў плода ў гэтым перыядзе ажыццяўляецца праз плацэнту. Уздзеянне неспрыяльных фактараў асяроддзя на эмбрыянальным этапе развіцця чалавека можа выклікаць заганы развіцця плода.