§ 33. Антагенез жывёл. Эмбрыянальнае развіццё арганізмаў
- Успомніце, чым заканчваецца працэс апладнення ў жывёл.
- Як вы думаеце? Якія фактары адыгрываюць вызначальную ролю ў развіцці арганізмаў пасля працэсу апладнення?
- Вы даведаецеся, што антагенез уключае два перыяды — эмбрыянальнае і постэмбрыянальнае развіццё, што эмбрыянальнае развіццё ва ўсіх пазваночных працякае з аднолькавымі стадыямі.
Антагенез жывёл
Антагенез (індывідуальнае развіццё арганізма) жывёл — сукупнасць паслядоўных марфалагічных, фізіялагічных і біяхімічных пераўтварэнняў, якія адбываюцца ў арганізме жывёлы ад моманту яе зараджэння (утварэння зіготы) да смерці.
У працэсе антагенезу адбываецца паэтапная рэалізацыя спадчыннай інфармацыі ў пэўных умовах асяроддзя. Навакольнае асяроддзе можа мець істотны ўплыў на развіццё арганізма на розных стадыях антагенезу. Антагенез уключае два этапы развіцця: эмбрыянальны (эмбрыягенез) і постэмбрыянальны.