*§ 29—3. Спосабы бясполага размнажэння мнагаклетачных арганізмаў
- Успомніце, якія спосабы бясполага размнажэння сустракаюцца ў аднаклетачных эўкарыёт.
- Як вы думаеце? Чым адрозніваюцца аднайменныя спосабы размнажэння (пачкаванне, спораўтварэнне) мнагаклетачных і аднаклетачных арганізмаў?
- Вы даведаецеся пра розныя спосабы бясполага размнажэння мнагаклетачных, іх асаблівасці ў параўнанні з размнажэннем аднаклетачных арганізмаў.
Пачкаванне
Гэты спосаб размнажэння сярод мнагаклетачных найбольш характэрны для двухслаёвых жывёл — кішачнаполасцевых. У гідры, напрыклад, двухслаёвая сценка цела ўтварае выраст (почку), на верхавіне якога прарываецца ротавая адтуліна і ўтвараюцца шчупальцы. Затым даччыная асобіна аддзяляецца, прымацоўваецца да субстрату, расце і становіцца самастойным арганізмам. Пачкаванне сустракаецца ў некаторых відаў грыбоў, імхоў, водарасцей, а таксама ў шэрага відаў чарвей.