*§ 29—2. Спосабы бясполага размнажэння аднаклетачных эўкарыёт

  • Успомніце, якімі спосабамі адбываецца бясполае размнажэнне пракарыёт.
  • Як вы думаеце? Чым бясполае размнажэнне аднаклетачных эўкарыёт адрозніваецца ад бясполага размнажэння ў пракарыёт?
  • Вы даведаецеся пра разнастайнасць спосабаў бясполага размнажэння аднаклетачных эўкарыёт, чым адрозніваецца спораўтварэнне і пачкаванне ў эўкарыёт ад пракарыёт.

Дзяленне клеткі папалам

У аднаклетачных эўкарыёт падзелу мацярынскай клеткі папярэднічае дзяленне ядра — утвараюцца два даччыныя ядры, ідэнтычныя як адно аднаму, так і зыходнаму мацярынскаму. Шмат у якіх аднаклетачных (эўглена зялёная, хламідаманада) дзяленне ядра адбываецца ў асноўным з разбурэннем ядзернай абалонкі, разыходжаннем даччыных храмасом да полюсаў клеткі і фарміраваннем двух новых ядраў. Часам пры дзяленні клеткі мацярынскае ядро дзеліцца на даччыныя ядры шляхам перацяжкі без разыходжання храмасом да полюсаў клеткі (амёба звычайная, інфузорыя туфелька). Пасля гэтага  ідзе падзел цытаплазмы і ўтварэнне дзвюх даччыных клетак. Арганоіды клеткі пры гэтым або падзяляюцца паміж даччынымі асобінамі, або ўтвараюцца нанова ў адной з іх, як гэта бывае са жгуцікамі і скарачальнымі вакуолямі.

Дзяленне клетак у аднаклетачных эукарыёт можа адбывацца ў падоўжанай (у жгуціканосцаў) ці ў папярочнай плоскасці (у інфузорый) ці ў любым напрамку (напрыклад, у амёб).