§ 25. Шляхі забруджвання харчовых прадуктаў і кантроль іх бяспекі

  • Успомніце, якія наступствы для здароўя чалавека могуць мець харчовыя атручэнні.
  • Як вы думаеце? Ці магчыма ў сучасным свеце вытворчасць экалагічна чыстых прадуктаў?
  • Вы даведаецеся пра найбольш важныя паказчыкі, якія лімітуюць утрыманне розных шкодных рэчываў у харчовых прадуктах.

Шляхі забруджвання харчовых прадуктаў

У працэсе тэхналагічнай дзейнасці чалавека адбываецца забруджванне навакольнага асяроддзя такімі шкоднымі рэчывамі, як радыенукліды, цяжкія металы, нітраты. Яны могуць трапляць у арганізм чалавека з паветра, вады і харчовых прадуктаў расліннага і жывёльнага паходжання. У ежу шкодныя рэчывы трапляюць з глебы, падземных і паверхневых вод, сельскагаспадарчай сыравіны.