§ 16. Ядавітыя грыбы
- Успомніце, па якіх прыметах можна адрозніць ядавіты грыб ад ядомага.
- Як вы думаеце? Чаму даволі часта адбываюцца атручэнні грыбамі?
- Вы даведаецеся пра найбольш распаўсюджаныя ядавітыя грыбы Беларусі.
Прэамбула
У Беларусі налічваецца каля 2,5 тыс. відаў грыбоў з добра выяўленымі пладовымі целамі. З іх больш за 200 відаў уяўляюць небяспеку для здароўя чалавека.
Гэтыя віды грыбоў змяшчаюць шкодныя рэчывы (мікатаксіны), устойлівыя да звычайных метадаў кулінарнай апрацоўкі і здольныя выклікаць розныя харчовыя атручэнні. Такія грыбы належаць да ядавітых.
Шмат хто з нас задаецца пытаннем: «Як адрозніць ядавітыя грыбы?» Адказ просты: «Для распазнавання ядавітых і ядомых грыбоў неабходна дакладна ведаць іх адметныя асаблівасці».