§ 15. Інфекцыйныя захворванні чалавека

  • Успомніце ролю імуннай сістэмы ў арганізме чалавека.
  • Як вы думаеце? Чаму, нягледзячы на значныя дасягненні медыцыны, інфекцыйныя хваробы цалкам не пераможаны?
  • Вы даведаецеся пра ўзбуджальнікаў, сімптомы і прафілактыку інфекцыйных захворванняў чалавека.

Інфекцыі дыхальных шляхоў

Адно з самых масавых інфекцыйных захворванняў — грып. Узбуджальнікі грыпу — разнавіднасці вірусаў. Крыніца захворвання — хворы чалавек. Заражэнне адбываецца паветрана-кропельным шляхам пры кашлі, чханні, размове.

Працягласць інкубацыйнага перыяду — ад некалькіх гадзін да 2 дзён. Сімптомы: дрыготка, недамаганне, слабасць, галаўны боль, ламота ва ўсім целе, пачырваненне слізістай абалонкі горла і багатыя выдзяленні з носа, кашаль. Тэмпература павышаецца да 38—39 °С. Захворванне звычайна працягваецца 5—6 дзён і вельмі небяспечнае ўскладненнямі, напрыклад парушэннямі работы нервовай сістэмы, сардэчнай дзейнасці, запаленнем лёгкіх, сярэдняга і ўнутранага вуха. Для прадухілення распаўсюджвання захворвання хворы грыпам павінен быць ізаляваны. Найважнейшае прафілактычнае мерапрыемства — прышчэпкі.