§ 11. Наземна-паветранае асяроддзе жыцця. Адаптацыі арганізмаў да жыцця ў наземна-паветраным асяроддзі

  • Успомніце, чым паветра па ўласцівасцях адрозніваецца ад вады.
  • Як вы думаеце? Які з фактараў наземна-паветранага асяроддзя жыцця з’яўляецца асноўным лімітуючым фактарам і чаму?
  • Вы даведаецеся пра асаблівасці ўмоў у наземна-паветраным асяроддзі жыцця і пра адаптацыі арганізмаў да гэтых умоў.

Прэамбула

У ходзе эвалюцыі наземна-паветранае асяроддзе жыцця было асвоена арганізмамі пазней, чым воднае. Адметнымі асаблівасцямі наземна-паветранага асяроддзя з’яўляюцца: высокая інтэнсіўнасць святла, значныя ваганні тэмпературы і вільготнасці паветра, яго нізкая шчыльнасць і ціск, высокае ўтрыманне кіслароду. Пры гэтым назіраецца добра выяўленая залежнасць колькасных значэнняў гэтых фактараў ад геаграфічнага становішча мясцовасці, змены сезонаў і часу сутак.