*§ 3—1. Узаемадзеянне экалагічных фактараў

  • Успомніце, як змяняецца жыццядзейнасць арганізма пры змяненні сілы ўздзеяння экалагічнага фактару.
  • Як вы думаеце? Ці можа адзін фактар асяроддзя ўплываць на іншы і пры гэтым змяняць сілу ўздзеяння на арганізм?
  • Вы даведаецеся пра розныя тыпы ўзаемадзеяння экалагічных фактараў.

Падсумоўванне фактараў асяроддзя

Прыкладам простага падсумоўвання фактараў з’яўляецца адначасовае неспрыяльнае ўздзеянне на чалавека і жывёл недахопу вады і высокай тэмпературы. Пры недастатковым паступленні вады адбываецца абязводжванне арганізма. Пры высокай тэмпературы паветра павялічваецца потааддзяленне (выпарэнне вады пакровамі цела), у выніку якога арганізм таксама абязводжваецца. Пры адначасовым дзеянні гэтых двух фактараў дэфіцыт вады ў арганізме будзе роўны суме аб’ёмаў вады, якая была недаатрымана шляхам піцця, і вады, якая выпарылася пры потааддзяленні.