§ 1. Агульныя ўласцівасці жывых арганізмаў

  • Успомніце, па якіх прыметах можна адрозніць жывы арганізм ад аб’екта нежывой прыроды. Як размнажаюцца жывёлы, расліны?
  • Як вы думаеце? Якія ўласцівасці з’яўляюцца агульнымі для ўсіх жывых арганізмаў?
  • Вы даведаецеся пра разнастайнасць агульных уласцівасцей жывых арганізмаў, па  якіх яны адрозніваюцца ад аб’ектаў нежывой прыроды.

*Адаптацыя да ўмоў існавання

Жывыя арганізмы здольны прыстасоўвацца да ўмоў навакольнага асяроддзя шляхам набыцця спецыфічных прыстасаванняў (адаптацый) у ходзе гістарычнага развіцця. Напрыклад, доўгая шыя ў жырафа дазваляе яму здабываць ежу там, дзе яе ніхто з іншых відаў наземных капытных млекакормячых не можа дастаць, а здольнасць хамелеона змяняць афарбоўку покрыва цела ў адпаведнасці з фонам асяроддзя дазваляе яму станавіцца менш прыметным і пазбягаць з’ядання драпежнікамі. Арганізмы, якія не валодаюць неабходнымі адаптацыямі да ўмоў асяроддзя, выміраюць.

*Паўторым галоўнае. Нягледзячы на разнастайнасць структурнай арганізацыі жывых арганізмаў, ім уласцівыя агульныя асаблівасці. Для ўсіх арганізмаў характэрна адзінства хімічнага саставу — цела пабудавана з бялкоў, тлушчаў, вугляводаў і нуклеінавых кіслот. Клетка з’яўляецца структурна-функцыянальнай адзінкай усяго жывога. Жывы арганізм — адкрытая ўстойлівая сістэма (у ёй працякае абмен рэчываў і энергіі), здольная да самарэгуляцыі, размнажэння, росту і развіцця, адаптацыі да ўмоў асяроддзя. Для арганізма таксама характэрны такія ўласцівасці, як рухомасць, раздражняльнасць, спадчыннасць і зменлівасць.