§ 1. Агульныя ўласцівасці жывых арганізмаў

  • Успомніце, па якіх прыметах можна адрозніць жывы арганізм ад аб’екта нежывой прыроды. Як размнажаюцца жывёлы, расліны?
  • Як вы думаеце? Якія ўласцівасці з’яўляюцца агульнымі для ўсіх жывых арганізмаў?
  • Вы даведаецеся пра разнастайнасць агульных уласцівасцей жывых арганізмаў, па  якіх яны адрозніваюцца ад аб’ектаў нежывой прыроды.

*Спадчыннасць і зменлівасць

Калі параўнаць бацькоў і іх нашчадкаў, то можна заўважыць падабенства паміж імі па шэрагу прымет. Любы жывы арганізм нараджае сабе падобных. Здольнасць жывых арганізмаў перадаваць пэўныя прыметы і ўласцівасці з пакалення ў пакаленне называецца спадчыннасцю. Заканамернасці спадчыннасці вывучае генетыка. Вучоныя, якія вывучалі спадчыннасць, заўважылі, што прыметы вызначаюцца матэрыяльнымі структурамі спадчыннасці, размешчанымі ў храмасомах, якія перадаюцца ад бацькоў да нашчадкаў. Інфармацыя ў іх запісана з дапамогай асаблівага генетычнага кода, універсальнага для ўсіх арганізмаў на Зямлі, што сведчыць пра адзінства паходжання жыцця.

У ходзе размнажэння ў нашчадкаў захоўваюцца ўласцівасці і прыметы зыходнага мацярынскага арганізма. Аднак размнажэнне — гэта не простая здольнасць да самакапіравання, паколькі ў нашчадкаў маюцца і адрозныя прыметы. Здольнасць жывых арганізмаў набываць новыя прыметы і ўласцівасці ў працэсе індывідуальнага развіцця называецца зменлівасцю. У аснове спадчыннай зменлівасці ляжаць змяненні ў біялагічных матрыцах спадчыннасці — храмасомах. Зменлівасць дае разнастайны матэрыял для адбору арганізмаў, найбольш прыстасаваных да пэўных умоў існавання, што у сваю чаргу прыводзіць да з’яўлення новых відаў жывых арганізмаў.