§ 1. Агульныя ўласцівасці жывых арганізмаў

  • Успомніце, па якіх прыметах можна адрозніць жывы арганізм ад аб’екта нежывой прыроды. Як размнажаюцца жывёлы, расліны?
  • Як вы думаеце? Якія ўласцівасці з’яўляюцца агульнымі для ўсіх жывых арганізмаў?
  • Вы даведаецеся пра разнастайнасць агульных уласцівасцей жывых арганізмаў, па  якіх яны адрозніваюцца ад аб’ектаў нежывой прыроды.

*Раздражняльнасць

Усе жывыя арганізмы здольныя рэагаваць на змяненне знешняга ці ўнутранага асяроддзя. Любое змяненне ўмоў знешняга ці ўнутранага асяроддзя ўяўляе сабой раздражняльнік у адносінах да пэўнага арганізма, а яго рэакцыя ў адказ з’яўляецца праявай раздражняльнасці. Раздражняльнасць жывых арганізмаў выбарчая, гэта значыць яны рэагуюць толькі на тое, што важна для захавання іх жыцця. Хуткасць рэагавання можа моцна вар’іравацца ў залежнасці ад віду арганізма. Рэакцыі мнагаклетачных жывёл на раздражняльнікі, што ажыццяўляюцца і кантралююцца цэнтральнай нервовай сістэмай, называюцца рэфлексамі. Арганізмы, якія не маюць нервовай сістэмы, пазбаўлены рэфлексаў, і іх рэакцыі выражаюцца ў змяненні характару руху (таксісы) ці росту (трапізмы). У працэсе эвалюцыі ў розных відаў выпрацаваліся розныя спосабы ўспрымання раздражняльнікаў і тыпы рэакцыі ў адказ на іх.