§ 1. Агульныя ўласцівасці жывых арганізмаў

  • Успомніце, па якіх прыметах можна адрозніць жывы арганізм ад аб’екта нежывой прыроды. Як размнажаюцца жывёлы, расліны?
  • Як вы думаеце? Якія ўласцівасці з’яўляюцца агульнымі для ўсіх жывых арганізмаў?
  • Вы даведаецеся пра разнастайнасць агульных уласцівасцей жывых арганізмаў, па  якіх яны адрозніваюцца ад аб’ектаў нежывой прыроды.

Самарэгуляцыя

Здольнасць жывых арганізмаў падтрымліваць пастаянства свайго хімічнага саставу і фізіялагічных працэсаў ва ўмовах навакольнага асяроддзя, якія бесперапынна змяняюцца, называецца самарэгуляцыяй. У жывёл самарэгуляцыя ажыццяўляецца дзякуючы дзейнасці нервовай і гумаральнай сістэм. Сігналам для ўключэння той ці іншай рэгулятарнай сістэмы можа быць змяненне ў арганізме паказчыкаў тэмпературы, крывянога ціску, колькасці вады, энергіі, хуткасці абменных працэсаў. Толькі жывыя арганізмы могуць захоўваць пастаянныя паказчыкі ўнутранага асяроддзя пры змяненні фактараў навакольнага асяроддзя. Так, у цеплакроўных жывёл існуюць шматлікія механізмы падтрымання на пастаянным узроўні тэмпературы цела незалежна ад тэмпературы навакольнага асяроддзя. Гармоны інсулін і глюкагон забяспечваюць пастаянны ўзровень глюкозы ў крыві чалавека незалежна ад колькасці вугляводаў, якія паступаюць з ежай.

У раслін адсутнічае нервовая сістэма, таму гарманальная рэгуляцыя ў іх з’яўляецца найважнейшым фактарам самарэгуляцыі і кіравання ростам і развіццём. Яна ажыццяўляецца з дапамогай фітагармонаў — нізкамалекулярных арганічных рэчываў з высокай фізіялагічнай актыўнасцю. Водны баланс у раслін падтрымліваецца шляхам транспірацыі.