§ 1. Агульныя ўласцівасці жывых арганізмаў

  • Успомніце, па якіх прыметах можна адрозніць жывы арганізм ад аб’екта нежывой прыроды. Як размнажаюцца жывёлы, расліны?
  • Як вы думаеце? Якія ўласцівасці з’яўляюцца агульнымі для ўсіх жывых арганізмаў?
  • Вы даведаецеся пра разнастайнасць агульных уласцівасцей жывых арганізмаў, па  якіх яны адрозніваюцца ад аб’ектаў нежывой прыроды.

Абмен рэчываў і энергіі

Жывы арганізм — адкрытая ўстойлівая сістэма, праз якую праходзяць патокі рэчываў і энергіі. Пэўныя рэчывы і энергія паступаюць у арганізм з асяроддзя (харчаванне, дыханне), іншыя — выдзяляюцца з арганізма ў асяроддзе (выдзяленне). У самім арганізме абмен рэчываў і энергіі ўключае два процілеглыя, але ўзаемазвязаныя працэсы. Гэта сінтэз складаных рэчываў з простых з паглынаннем энергіі і расшчапленне складаных рэчываў да больш простых з вылучэннем энергіі. Абодва гэтыя працэсы ў арганізме збалансаваны паміж сабой і забяспечваюць адноснае пастаянства яго хімічнага саставу.