§ 1. Агульныя ўласцівасці жывых арганізмаў

  • Успомніце, па якіх прыметах можна адрозніць жывы арганізм ад аб’екта нежывой прыроды. Як размнажаюцца жывёлы, расліны?
  • Як вы думаеце? Якія ўласцівасці з’яўляюцца агульнымі для ўсіх жывых арганізмаў?
  • Вы даведаецеся пра разнастайнасць агульных уласцівасцей жывых арганізмаў, па  якіх яны адрозніваюцца ад аб’ектаў нежывой прыроды.

Клетачная будова

Клетка з’яўляецца структурна-функцыянальнай адзінкай усяго жывога. Клеткі розных арганізмаў маюць падобную будову. Звонку яны пакрыты цытаплазматычнай мембранай, зверху якой можа быць клетачная сценка (расліны, грыбы, некаторыя пратысты, бактэрыі). Змесціва клетак прадстаўлена цытаплазмай, у якой знаходзяцца арганоіды і ядро (у бактэрый — храмасома). Клеткі большасці мнагаклетачных арганізмаў у залежнасці ад функцыі, будовы і паходжання аб’ядноўваюцца ў тканкі і органы.