§ 1. Агульныя ўласцівасці жывых арганізмаў

  • Успомніце, па якіх прыметах можна адрозніць жывы арганізм ад аб’екта нежывой прыроды. Як размнажаюцца жывёлы, расліны?
  • Як вы думаеце? Якія ўласцівасці з’яўляюцца агульнымі для ўсіх жывых арганізмаў?
  • Вы даведаецеся пра разнастайнасць агульных уласцівасцей жывых арганізмаў, па  якіх яны адрозніваюцца ад аб’ектаў нежывой прыроды.

Адзінства хімічнага саставу

У жывых арганізмах змяшчаюцца тыя ж хімічныя элементы, што і ў целах нежывой прыроды, але іх суадносіны моцна адрозніваюцца. Ва ўсіх жывых арганізмаў цела пабудавана з аднолькавых арганічных рэчываў: бялкоў, тлушчаў, вугляводаў і нуклеінавых кіслот. Іх малекулы складаюцца з чатырох асноўных элементаў — вугляроду, вадароду, кіслароду і азоту, на долю якіх прыпадае 98 % усіх хімічных элементаў арганізма. З неарганічных рэчываў абавязковым кампанентам з’яўляецца вада (30—80 % агульнай масы цела). Мінеральныя солі ў водных растворах дысацыіруюць на катыёны металаў (Na+, K+, Ca2+, Mg2+, Fe2+, Cu2+) і аніёны кіслотных астаткаў (I, F, Cl, HCO subscript 3 superscript minus comma straight H subscript 2 PO subscript 4 superscript minus comma straight H subscript 2 PO subscript 4 superscript 2 minus end superscript), якія выконваюць жыццёва важныя функцыі.