§ 18. ПРЫЧЫНЫ ГОЛАДУ І ХАРЧОВАЙ ПРАБЛЕМЫ Ў СВЕЦЕ

Павышаны ўзровень §18-1 Павышаны ўзровень §18-2

icon
Успамінаем. Ад якой сферы сусветнай гаспадаркі залежыць колькасць прадуктаў харчавання, якія паступаюць на сусветны рынак? Якая доля сельскай гаспадаркі ў структуры ВУП развітых краін і краін, якія развіваюцца? Што такое монакультурная сельская гаспадарка?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Якія наступствы можа выклікаць абвастрэнне харчовай праблемы? Якія рэгіёны свету найбольш востра адчуваюць праблему голаду? Як прадухіліць харчовую праблему?

Рэгіянальныя аспекты голаду і харчовай праблемы. На Зямлі існуе шырокі пояс голаду і недаядання, які працягнуўся па абодва бакі экватара. Гэты пояс пачынаецца ў Паўднёвай Амерыцы, ахоплівае большую частку Афрыкі, а затым працягваецца ў Азіі. Эпіцэнтр пояса знаходзіцца ў Трапічнай Афрыцы, найбяднейшым рэгіёне свету.

icon Клуб географаў-знаўцаў. У пачатку 1970-х гг. у Афрыцы налічвалася 90 млн галадаючых, у сярэдзіне 1980-х гг. — 140 млн, у сярэдзіне 1990-х гг. — 210 млн, а ў 2018 г. — 256 млн чал.

Дынаміка змянення колькасці тых, хто недаядае, у свеце і па рэгіёнах за перыяд 1990–2014 гг. характарызуецца зніжэннем іх колькасці больш чым на 200 млн чал., або прыкладна на 20 %. Аднак пасля доўгага перыяду скарачэння іх колькасць, наадварот, пачала расці (+1,5 % у 2018 г.). У 2018 г. каля 821,6 млн жыхароў планеты адчувалі дэфіцыт харчавання (мал. 124). Гэта азначае, што кожны дзявяты чалавек у свеце не атрымлівае дастатковага харчавання для падтрымання здаровага і актыўнага ладу жыцця.

Найбольш крытычнымі рэгіёнамі застаюцца рэгіёны з краінамі, якія развіваюцца (мал. 125), а менавіта Афрыка на поўдзень ад Сахары (25 %), краіны Карыбскага басейна (19 %), Паўднёвая Азія (17 %). У цяперашні час у свеце найбольшая доля распаўсюджання недаядання (больш за 35 % насельніцтва) назіраецца ў 9 краінах — Ліберыя, Чад, ДР Конга, Малаві, Мадагаскар, Уганда, Замбія, Зімбабвэ, Емен (мал. 126).

img
Мал. 124. Дынаміка маштабаў голаду ў свеце
img
Мал. 125. Доля насельніцтва з распаўсюджаннем недаядання па рэгіёнах свету, %, 2018 г.
img
Мал. 126. Распаўсюджанне недаядання ў свеце, % насельніцтва, 2018 г.

Хранічны голад у краінах, якія развіваюцца, прыводзіць да сур’ёзных наступстваў і парушэнняў у развіцці чалавека (мал. 127).

img
Мал. 127. Некаторыя факты аб голадзе ў свеце, 2018 г.