§ 33–2. Марфалагічныя нормы: ужыванне прыназоўнікаў у словазлучэннях, якія адлюстроўваюць асаблівасці кіравання ў беларускай мове
Прачытайце тэкст, устаўляючы прапушчаныя словы.
Прыназоўнік — ... часціна мовы, якая ўдакладняе значэнні ... склонаў і выражае адносіны паміж назоўнікам (..., ...) і іншымі словамі ў сказе.
Паводле ... прыназоўнікі падзяляюцца на невытворныя (іх паходжанне растлумачыць немагчыма: аб, да, пры) і ... (паходзяць ад ... часцін мовы: збоку, згодна, наперадзе).
Паводле будовы прыназоўнікі падзяляюцца на ... (без, да, сярод), ... (з-за, з-пад, па-над) і ... (нягледзячы на, у сувязі з, у імя).
Практыкаванне 344
Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль, тэму і асноўную думку.
Вялікі каньён
Зусім не абавязкова ляцець праз паўсвету, каб убачыць Вялікі каньён. Ён ёсць у Мікашэвічах, што за дваццаць кіламетраў ад Лунінца. Гэта кар’ер найбуйнейшага ў Еўропе прадпрыемства па здабычы каменю — «Граніт». Глыбіня — каля ста сарака метраў, перыметр большы за тры кіламетры. Пейзаж касмічны — нагрувашчванне камянёў усіх памераў і адценняў: ад пяшчотна-ружовага да чорнага. Вострыя скалы і горныя вадаспады. А па дарогах перасоўваюцца гіганцкія самазвалы, якія з вышыні агляднай пляцоўкі нагадваюць дзіцячыя цацкі (Паводле Г. Курак).
Выпішыце словазлучэнні, якія перадаюць асаблівасці кіравання ў беларускай мове. Падкрэсліце прыназоўнікі, вызначце склон, з якім яны ўжываюцца.
• Растлумачце напісанне слоў з вялікай літары.
Карыстаючыся спецыяльнай літаратурай ці інтэрнэт-рэсурсамі, падрыхтуйце паведамленне пра Вялікі каньён — адзін з самых глыбокіх каньёнаў у свеце.