§ 33–2. Марфалагічныя нормы: ужыванне прыназоўнікаў у словазлучэннях, якія адлюстроўваюць асаблівасці кіравання ў беларускай мове
Прачытайце тэкст, устаўляючы прапушчаныя словы.
Прыназоўнік — ... часціна мовы, якая ўдакладняе значэнні ... склонаў і выражае адносіны паміж назоўнікам (..., ...) і іншымі словамі ў сказе.
Паводле ... прыназоўнікі падзяляюцца на невытворныя (іх паходжанне растлумачыць немагчыма: аб, да, пры) і ... (паходзяць ад ... часцін мовы: збоку, згодна, наперадзе).
Паводле будовы прыназоўнікі падзяляюцца на ... (без, да, сярод), ... (з-за, з-пад, па-над) і ... (нягледзячы на, у сувязі з, у імя).
Практыкаванне 341
Прачытайце прыказкі. Назавіце словазлучэнні, якія перадаюць асаблівасці кіравання ў беларускай мове. Выпішыце іх, перакладзіце на рускую мову. Вызначце, з якім склонам ужываюцца прыназоўнікі ў словазлучэннях беларускай і рускай моў.
1. З бабулінага слова толькі неразумны ўнучак засмяецца. 2. Бацька з маткаю на рабоце не томяцца, калі з дзетак сваіх цешацца. 3. З другой смяецца, а самой і блін не ўдаецца. 4. Як пайшла па масла, то і ў печы пагасла. 5. Працавітаму лёгка перайсці праз гару, гультаю цяжка паварушыць пальцам.
Зрабіце марфалагічны разбор прыназоўнікаў з 4-га сказа.
Паразважайце над сэнсам адной з прыказак (на выбар). Свае думкі выкладзіце ў міні-сачыненні «Трапнасць народнай мудрасці».