§ 33–1. Прыназоўнік, злучнік як службовыя часціны мовы: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля. Правапіс прыназоўнікаў, злучнікаў
Прачытайце тэкст, устаўляючы прапушчаныя словы.
Прыназоўнік — ... часціна мовы, якая ўдакладняе значэнні ... склонаў і выражае адносіны паміж назоўнікам (..., ...) і іншымі словамі ў сказе.
Паводле ... прыназоўнікі падзяляюцца на невытворныя (іх паходжанне растлумачыць немагчыма: аб, да, пры) і ... (паходзяць ад ... часцін мовы: збоку, згодна, наперадзе).
Паводле будовы прыназоўнікі падзяляюцца на ... (без, да, сярод), ... (з-за, з-пад, па-над) і ... (нягледзячы на, у сувязі з, у імя).
Практыкаванне 337-2
Прачытайце прыказкі. Назавіце злучнікі. Вызначце іх разрад.
1. На ранняй ралліцы родзіць жыта ды пшаніца, а на позняй ралліцы родзіць кукаль ды мятліца. 2. Работа і корміць, і поіць, і жыць вучыць. 3. То дождж, то якая непагода, а ўсё невыгода. 4. Хоць рукі баляць, але душы лёгка. 5. Калі хочаш хлеб мець, то трэба зямліцы глядзець.
Як адносіны народа да працы адлюстраваліся ў прыказках? Падрыхтуйце паведамленне на тэму «Шчасце ў працы».