§ 33–1. Прыназоўнік, злучнік як службовыя часціны мовы: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля. Правапіс прыназоўнікаў, злучнікаў

 Прачытайце тэкст, устаўляючы прапушчаныя словы.

Прыназоўнік — ... часціна мовы, якая ўдакладняе зна­чэнні ... склонаў і выражае адносіны паміж назоўнікам (..., ...) і іншымі сло­вамі ў сказе.

Паводле ... прыназоўнікі падзяляюцца на невытворныя (іх паходжанне растлумачыць немагчыма: аб, да, пры) і ... (паходзяць ад ... часцін мовы: збоку, згодна, наперадзе).

Паводле будовы прыназоўнікі падзяляюцца на ... (без, да, сярод), ... (з-за, з-пад, па-над) і ... (нягледзячы на, у сувязі з, у імя).

Практыкаванне 337-1

Прачытайце тэксты, вызначце іх стыль. Назавіце прыназоўнікі і злучнікі. Вызначце разрады злучнікаў, скажыце, што яны звязваюць.

Шчасце

Ёсць у звычайным незвычайнае,

У буднях — вечнае.

Вядома, ёсць, і ўсё ж адчайна мы

Шукаем шчасце чалавечае.

 

А шчасце — гэта кожны дзень,

Імгненне кожнае,

І кожны сонечны прамень,

І жыта роснае.

І гэты дождж, і гэты верш,

І снегу срэбра.

І шчасце ў тым, што ты жывеш,

І — недарэмна.

М. Дзюбак.

Шчасце

Спрачаюцца людзі аб тым, што такое шчасце. Але кожны бачыць шчасце па-свойму. І часцей за ўсё шчасцем лічыць чалавек тое, чаго ў яго няма. Няма ў чалавека грошай, і ён упэўнены, што шчасце ў грашах. Іншы бачыць шчасце ў тым, каб быць славутым, вядомым. А для іншага шчасце – быць здаровым, ён, седзячы ў інваліднай калясцы, з зайздрасцю пазірае на людзей, што ходзяць сваімі нагамі і не разумеюць, якія яны шчаслівыя (Паводле Л. Арабей).

Вызначце, у ролі якіх часцін мовы ўжываюцца выдзеленыя словы.