§ 33–1. Прыназоўнік, злучнік як службовыя часціны мовы: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля. Правапіс прыназоўнікаў, злучнікаў
Прачытайце тэкст, устаўляючы прапушчаныя словы.
Прыназоўнік — ... часціна мовы, якая ўдакладняе значэнні ... склонаў і выражае адносіны паміж назоўнікам (..., ...) і іншымі словамі ў сказе.
Паводле ... прыназоўнікі падзяляюцца на невытворныя (іх паходжанне растлумачыць немагчыма: аб, да, пры) і ... (паходзяць ад ... часцін мовы: збоку, згодна, наперадзе).
Паводле будовы прыназоўнікі падзяляюцца на ... (без, да, сярод), ... (з-за, з-пад, па-над) і ... (нягледзячы на, у сувязі з, у імя).
Практыкаванне 337-1
Прачытайце тэксты, вызначце іх стыль. Назавіце прыназоўнікі і злучнікі. Вызначце разрады злучнікаў, скажыце, што яны звязваюць.
Шчасце
Ёсць у звычайным незвычайнае,
У буднях — вечнае.
Вядома, ёсць, і ўсё ж адчайна мы
Шукаем шчасце чалавечае.
А шчасце — гэта кожны дзень,
Імгненне кожнае,
І кожны сонечны прамень,
І жыта роснае.
І гэты дождж, і гэты верш,
І снегу срэбра.
І шчасце ў тым, што ты жывеш,
І — недарэмна.
М. Дзюбак.
Шчасце
Спрачаюцца людзі аб тым, што такое шчасце. Але кожны бачыць шчасце па-свойму. І часцей за ўсё шчасцем лічыць чалавек тое, чаго ў яго няма. Няма ў чалавека грошай, і ён упэўнены, што шчасце ў грашах. Іншы бачыць шчасце ў тым, каб быць славутым, вядомым. А для іншага шчасце – быць здаровым, ён, седзячы ў інваліднай калясцы, з зайздрасцю пазірае на людзей, што ходзяць сваімі нагамі і не разумеюць, якія яны шчаслівыя (Паводле Л. Арабей).
● Вызначце, у ролі якіх часцін мовы ўжываюцца выдзеленыя словы.