§ 30. Будаўнічыя чарцяжы. Паслядоўнасць чытання будаўнічых чарцяжоў
Як вы лічыце, ці можна, выкарыстоўваючы веды па праекцыйным і машынабудаўнічым чарчэнні, выканаць чарцёж дома? Свой адказ растлумачце.- Вы даведаецеся: якія чарцяжы называюць будаўнічымі, якія бываюць віды будаўнічых чарцяжоў, віды дакументаў пры праектаванні будынка або збудавання.
 - Вы навучыцеся: чытаць простыя будаўнічыя чарцяжы.
 
Маштабы будаўнічых чарцяжоў
Маштаб будаўнічага чарцяжа залежыць ад памераў адлюстроўванага аб’екта і прызначэння чарцяжа.
Як вы лічыце, у чым адрозненне маштабаў будаўнічых чарцяжоў ад маштабаў машынабудаўнічых чарцяжоў?
Для невялікіх дамоў і для фасадаў ужываюць маштабы 1:50. Гэта дае магчымасць лепш выявіць на фасадзе архітэктурныя дэталі. Для генеральных планаў — 1:500, 1:1000; для планаў паверхаў — 1:100, 1:200.
На ваш погляд, якія фарматы лістоў выкарыстоўваюцца для выканання будаўнічых чарцяжоў?