§ 4. Лініі чарцяжа
Выкарыстоўваючы рысунак 18, растлумачце, чаму графічны відарыс дэталі на чарцяжы мае лініі рознага тыпу.- Вы даведаецеся: якімі лініямі выконваюць графічныя відарысы, чаму неабходна выкарыстоўваць розныя тыпы ліній.
 - Вы навучыцеся: выконваць розныя тыпы ліній у адпаведнасці з ДАСТамі.
 
Лініі чарцяжа
Асноўнымі элементамі любога чарцяжа з’яўляюцца лініі. Каб чарцёж быў больш выразным і зразумелым для чытання, яго выконваюць рознымі лініямі, абрысы і асноўныя прызначэнні якіх вызначаны стандартам ДАСТ 2.303-68 АСКД. Лініі. Таўшчыня ліній абазначаецца літарай s. Таўшчыня іншых ліній выбіраецца ў залежнасці ад s. Кожнаму тыпу лініі адпавядае сваё прызначэнне на чарцяжы (табл. 1).
На ўроках чарчэння часцей за ўсё вы будзеце выкарыстоўваць чатыры асноўныя тыпы ліній: суцэльная тоўстая асноўная, суцэльная тонкая, штрыхавая і штрыхпункцірная (рыс. 20)
Правілы адлюстравання ліній
- Кожны чарцёж рэкамендуецца папярэдне выконваць суцэльнымі тонкімі лініямі.
 - Вычэрчванне чарцяжа пачынаюць з правядзення восевых і цэнтравых ліній, ад якіх вядуцца наступныя пабудовы.
 - Таўшчыня ліній аднаго тыпу на чарцяжы павінна быць аднолькавай.
 - Пры напісанні штрыхавой і штрыхпункцірнай ліній штрыхі і прамежкі паміж штрыхамі павінны быць аднолькавай даўжыні.
 - Штрыхавая і штрыхпункцірная лініі перасякаюцца і заканчваюцца толькі штрыхамі.
 - Штрыхпункцірная лінія выводзіцца за контур рысунка на 2 мм.
 
Памятайце! Цэнтр акружнасці адлюстроўваецца не пунктам, а перасячэннем штрыхоў. Штрыхі выступаюць за контур акружнасці на 2 мм. Калі дыяметр акружнасці меншы за 12 мм, цэнтравыя штрыхі адлюстроўваюць суцэльнай тонкай лініяй (рыс. 21)

