ЯК ПРАЦАВАЦЬ З ВУЧЭБНЫМ ДАПАМОЖНІКАМ

Дадзены электронны дадатак уключае матэрыял базавага і павышанага ўзроўняў (павышаны ўзровень абазначаны *) і складаецца з васьмі раздзелаў, якія падзелены на параграфы. У пачатку кожнага раздзела прыводзіцца кароткі ўступ, які раскрывае сутнасць яго зместу; даецца інфармацыя пра тое, што Вы даведаецеся і чаму Вы навучыцеся. Заканчваюцца раздзелы рубрыкай Падвядзём вынікі, якая ўяўляе сабой кароткі змест раздзела.

Кожны параграф пачынаецца трыма рубрыкамі. Першая рубрыка Успомніце дапаможа вам актуалізаваць раней атрыманыя веды і праверыць гатоўнасць да засваення новай тэмы. Другая рубрыка Як вы думаеце? змяшчае праблемнае пытанне па тэме, якое патрабуе выказаць ваша ўласнае меркаванне. Адказ можна праверыць пасля прачытання тэксту. У трэцяй рубрыцы Вы даведаецеся сфармулявана галоўная ідэя параграфа.

Пасля асноўнага тэксту параграфа прыводзіцца рубрыка Паўторым галоўнае. Яна змяшчае кароткія вывады па вывучаемым матэрыяле.

У канцы кожнага параграфа ў рубрыцы Праверым веды дадзены ключавыя і больш складаныя пытанні і заданні. Адказы на іх дапамогуць высветліць, наколькі поўна вы засвоілі вывучаемы матэрыял, ці зможаце выкарыстоўваць яго для вырашэння якіх-небудзь канкрэтных задач.

Для жадаючых пашырыць і паглыбіць свае веды ці замацаваць іх на практыцы пасля параграфаў прыводзяцца індывідуальныя дамашнія заданні. Як правіла, у іх прапануецца правесці невялікае даследаванне ў межах мясцовых прыродных біясістэм з мэтай вызначэння паказчыкаў, якія вывучаюцца. Атрыманыя вынікі ўлічваюцца настаўнікам пры выстаўленні выніковай адзнакі за ўрок. Яны могуць быць пададзены ў выглядзе прэзентацыі, або рэферата, або вуснага паведамлення на ўроку (у гуртку).

У тэксце параграфаў абавязковыя для засваення тэрміны і паняцці вылучаны шрыфтам — тлустым курсівам, а дадатковыя паняцці — светлым курсівам.

Тэкст параграфаў забяспечаны малюнкамі, схемамі і табліцамі, што дадуць вам магчымасць суадносіць вывучаемы тэарэтычны матэрыял з пэўнымі аб’ектамі ці з’явамі прыроды. Дадатковы матэрыял прыведзены ў рубрыцы Гэта цікава. У яго ўключана інфармацыя, якая змяшчае факты і звесткі, што пашыраюць уяўленне пра вывучаемы аб’ект ці маюць практычнае значэнне.

У электронным дадатку маюцца Методыкі рашэння задач (А, Б, В), якія змяшчаюць прыклады рашэння экалагічных задач розных тыпаў і ўзроўняў складанасці. Яны дапамогуць вам навучыцца рашаць задачы па тэмах «Ланцугі і сеткі харчавання», «Экалагічныя піраміды. Правіла 10 %», «Прадукцыйнасць экасістэм».

Спадзяёмся, што дадзены электронны дадатак будзе вельмі карысны для вас пры вывучэнні адной з найцікавейшых навук — біялогіі. А калі ў будучым вы выбераце адну са спецыяльнасцей, звязаных з біялогіяй, то ён дапаможа добра падрыхтавацца да цэнтралізаванага тэсціравання.

Жадаем поспехаў!

Апошняе змяненне: Чацвер 18 Чэрвень 2020 2:15