Памяткі

Як скласці біяграму

Біяграма — ​гэта апісанне дзейнасці гістарычнай асобы з характарыстыкай матываў яе паводзін.

1. Вызначце храналагічны перыяд або сферу грамадскага жыцця, да якіх адносіцца дзейнасць гістарычнай асобы.

2. Ахарактарызуйце гістарычныя ўмовы, у якіх адбывалася дзейнасць гістарычнай асобы.

3. Сістэматызуйце факталагічны і біяграфічны матэрыял аб гістарычнай асобе з магчымым вызначэннем прычын (матываў) яе дзейнасці.

4. Вызначце светапогляд (пазіцыю) гістарычнай асобы з характарыстыкай асаблівасцей і вынікаў яе дзейнасці.

Як прымаць удзел у дыскусіі

1. Крытыкуйце не апанентаў, а іх ідэі. Сачыце за тым, каб не скажаць іх думкі і словы.

2. У дыскусіі павінны ўдзельнічаць усе ўдзельнікі. Кожны мае права і магчымасць выказаць сваё меркаванне.

3. Выступленні павінны праходзіць арганізавана, з дазволу вядучага. Абмеркаванню падлягаюць усе без выключэння пазіцыі.

4. Перад тым як выступаць, вызначце сваю пазіцыю. Пераканайцеся ў тым, што вы правільна разумееце сутнасць праблемы.

5. Уважліва выслухайце апанента, толькі потым выказвайце свой пункт гледжання. Памятайце, што лепшым спосабам доказу або абвяржэння з’яўляюцца факты. Не забывайце, што лепшым спосабам пераканаць праціўніка з’яўляюцца выразная аргументацыя і логіка.

6. У працэсе дыскусіі ўдзельнікі могуць змяняць сваю пазіцыю пад уздзеяннем прыведзеных фактаў і аргументаў.

7. Неабходнай часткай дыскусіі з’яўляецца падвядзенне яе прамежкавых і канчатковых высноў.

Як вырашаць пазнавальную задачу

1. Уважліва прачытайце ўмову задання і сфармулюйце пытанні, на якія неабходна адказаць.

2. Падумайце, наколькі змест самога задання дазваляе адказаць на пытанні.

3. Вызначце, якіх дадзеных не хапае для адказу і дзе іх можна знайсці.

4. Вызначце, якія дзеянні неабходна выканаць для рашэння задачы, і паслядоўнасць іх выканання.

5. Прадумайце, які прыём выканання адказу адпавядае пастаўленай задачы.

6. Выканайце ўсе прадпісаныя дзеянні.

7. Сфармулюйце адказ.

8. Праверце, наколькі ваш адказ зразумелы, ці правільна падабраныя аргументы і зроблена тлумачэнне.

9. Пераканайцеся, што атрыманы адказ адпавядае пытанню.

Последнее изменение: Понедельник, 24 Январь 2022, 11:50