Як працаваць з вучэбным дапаможнікам

Шаноўныя адзінаццацікласнікі!

Сусветную гісторыю ХІХ — пачатку ХХІ ст. вы ўжо вывучалі ў 8 і 9 класах. У 11 класе вам трэба будзе авалодаць асновамі навуковага падыходу да вывучэння гісторыі. Бо асноўная мэта дадзенага курса — абагульніць і сістэматызаваць веды, асэнсаваць гістарычны працэс, зразумець заканамернасці і тэндэнцыі гістарычнага развіцця, што асабліва важна для разумення свету, у якім вы жывяце. Таму пры вывучэнні матэрыялу большая ўвага будзе надавацца не пытанню «Як гэта адбылося?», а пытанню «Чаму гэта адбылося?».

Вучэбны дапаможнік складаецца з уводзін і трох раздзелаў, якія падзяляюцца на параграфы. Ва ўводзінах разглядаецца шлях, пройдзены чалавецтвам з часоў прамысловай рэвалюцыі, якая паклала пачатак станаўленню індустрыяльнай цывілізацыі, да цяперашняга часу.

Пры падачы гістарычнага матэрыялу ў вучэбным дапаможніку выкарыстоўваецца праблемна-тэарэтычны падыход. Кожнаму параграфу папярэднічаюць ключавая ідэя і ўступ, у якіх сцісла і ёміста сфармуляваны асноўны змест параграфа — фундамент, на якім будуецца ўвесь вучэбны матэрыял. Ключавое пытанне, выдзеленае ў рубрыцы «Пытанні і заданні да тэксту параграфа» тым жа колерам, што і ключавая ідэя, акцэнтуе ўвагу на яго больш глыбокім разуменні. Найбольш важныя для вывучэння і запамінання гістарычныя даты, паняцці і імёны гістарычных дзеячаў выдзелены тлустым курсівам, другарадныя — светлым.

Рубрыкі «Пытанні і заданні да тэксту параграфа» і «Прапануем абмеркаваць» дапамогуць глыбей прааналізаваць і асэнсаваць навучальны матэрыял. Зразумець спецыфіку гістарычнай навукі, даведацца, як працуе гісторык, як праводзіцца гістарычнае даследаванне, вам дапамогуць матэрыялы рубрык «Лабараторыя гісторыка» і «Асаблівае меркаванне». Сціслая інфармацыя пра вучоных, якія зрабілі свой унёсак у вывучэнне гісторыі і чалавечага грамадства, прадстаўлена ў рубрыцы «Даследчыкі гісторыі і грамадства».

Асобныя пытанні можна вывучыць, распрацаваўшы праект па якой-небудзь тэме. Прыкладная тэматыка праектаў даецца ў пачатку кожнага раздзела, але іх тэмы вы можаце выбраць самі. Выкананне праекта патрабуе папярэдняй падрыхтоўкі, таму тэму неабхадна вызначыць загадзя. Праект можна выконваць не толькі індывідуальна, але і ў пары або групе. Пры выкананні праекта важна разумець, якім будзе яго прадукт. Гэта могуць быць падборка рэпрадукцый твораў мастацтва, прадстаўленых у выглядзе выставы, калекцыя, макет альбо мадэль, распрацаваная экскурсія, газета / часопіс / вэб-сайт і г. д.

У канцы вучэбнага дапаможніка знаходзіцца сінхранічная табліца асноўных падзей, якая ўтрымлівае даты найбольш важных гістарычных падзей, навуковых адкрыццяў і тэхнічных дасягненняў. Таксама вы можаце звярнуцца да спіса літаратуры для чытання і інтэрнэт-рэсурсаў — яны дапамогуць вам глыбей вывучыць тэму, якая вас зацікавіла.

Вучэбны дапаможнік утрымлівае матэрыял для базавага ўзроўню вывучэння гісторыі. Матэрыял для павышанага ўзроўню прызначаны тым, хто цікавіцца гісторыяй. Гэты матэрыял абазначаны спецыяльным знакам. Вучэбны дапаможнік для павышанага ўзроўню вывучэння гісторыі размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале (http://profil.adu.by).

Жадаем поспехаў!

Умоўныя абазначэнні:

Апошняе змяненне: Аўторак 8 Люты 2022 3:17