Вывучыўшы гэты раздзел, вы зможаце тлумачыць, чаму атамы аб’ядноўваюцца ў малекулы і крышталі, і ўстанаўліваць сувязь паміж іх хімічным саставам і будовай. Такім чынам, вы навучыцеся прагназаваць уласцівасці рэчываў па іх формулах, і наадварот, па ўласцівасцях рэчываў — выказваць меркаванні пра іх будову. Тэарэтычнай асновай для меркавання аб узаемасувязі ўласцівасцей і будовы рэчываў будуць веды пра тыпы хімічнай сувязі, яе ўласцівасці і механізмы ўтварэння.

Найважнейшыя паняцці тэмы: хімічная сувязь, кавалентная сувязь (палярная і непалярная), кратнасць сувязі, іон, іонная сувязь, металічная сувязь, міжмалекулярнае ўзаемадзеянне, вадародная сувязь, дыполь, атамныя, іонныя, металічныя, малекулярныя крышталі, валентнасць, валентныя электроны, ступень акіслення.