Дарагія сябры!

У гэтым годзе вы працягваеце вывучэнне хіміі. У вас ужо назапасілася дастатковая колькасць хімічных ведаў. Цяпер неабходна іх абагульніць і прывесці ў сістэму. Асновай для гэтага стануць як наяўныя, так і новыя тэарэтычныя ўяўленні аб прыродзе мiжатамных узаемадзеянняў, будове рэчываў, заканамернасцях працякання хімічных рэакцый, хіміі раствораў, уласцівасцях асноўных класаў неарганічных злучэнняў.

Важная задача вывучэння хіміі ў гэтым годзе — больш шырока зірнуць на хімію як навуку, на яе магутны стваральны патэнцыял, які адкрывае перад чалавецтвам вялізныя магчымасці для ўстойлівага развіцця ў сучасным свеце.

Вывучэнне хіміі дапаможа вам набыць кампетэнцыі, неабходныя для рацыянальнай дзейнасці ў свеце рэчываў і хімічных ператварэнняў на аснове ведаў пра ўласцівасці найважнейшых рэчываў, якія акружаюць чалавека ў штодзённым жыцці, прыродзе, прамысловасці.

Асноўная мэта вывучэння хіміі на павышаным узроўні — атрымаць веды, уменні, навыкі, якія стануць асновай вашай далейшай адукацыі ў галіне хіміі і сумежных з ёй навук.

Вучэбны матэрыял прадстаўлены так, каб вы ўбачылі прыкладны аспект хімічных паняццяў, што вывучаюцца, навучыліся рашаць практычныя задачы, змаглі зразумець сучасны свет хіміі. Бо ў далейшым ад вас будуць чакаць не простага ўзнаўлення завучаных азначэнняў, а здольнасці творча прымяняць веды ў канкрэтных бытавых і вытворчых сітуацыях.

У дадзеным вучэбным дапаможніку тэксты параграфаў маюць пэўную структуру, змяшчаюць схемы, малюнкі, фатаграфіі, графікі, дыяграмы, прыклады рашэння колькасных і разліковых задач. Абагульняльныя табліцы дазваляюць самастойна правесці параўнальны аналіз фактычнага матэрыялу аб хімічных элементах, рэчывах, іх фізічных і хімічных уласцівасцях.

Каб сканцэнтраваць вашу ўвагу на найважнейшых паняццях, у канцы кожнага параграфа сфармуляваны і выдзелены вывады. Для вывучэння хіміі на павышаным узроўні ў канцы кожнага параграфа прыведзены пытанні для самакантролю. Правільных адказаў можа быць ад аднаго да чатырох.

Значная ўвага нададзена хімічнаму эксперыменту: вам прапануецца выканаць дзевяць лабараторных доследаў і чатыры практычныя работы, апісаць шэраг дэманстрацыйных доследаў, правесці разумовы эксперымент.

Піктаграмамі адзначаны рубрыкі:

  • imgдадатковы матэрыял;
  • imgпаўторым вывучанае;
  • imgматэрыялы павышанага ўзроўню.

У канцы кожнага параграфа ў раздзеле «Пытанні, заданні, задачы» прапанаваны матэрыял, які дазваляе праверыць атрыманыя веды і перавесці іх у форму актыўнага прымянення. Прапанаваныя пытанні, заданні і задачы адпавядаюць логіцы і зместу як асобнага параграфа або раздзела, так і прадмета ў цэлым. Яны маюць розныя ўзроўні складанасці і размешчаны, як правіла, у парадку яе ўзрастання.

Калі, вывучаючы матэрыял, вы сустрэнеце паняцце, сэнс якога вам неабходна ўдакладніць, прадметны паказальнік дапаможа вам знайсці старонку, дзе гэтае паняцце растлумачана. Памочнікамі ў пошуку інфармацыі вам будуць і інтэрнэт-рэсурсы нацыянальнага адукацыйнага партала, на які вы зможаце выйсці па QR-кодзе.

Поспехаў вам у вывучэнні хіміі!

Аўтары